Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
156 из 197
- Аова! Аова! - пакрыўджана крыкнуў Маўглi. - Адну паласатую малпу я забiў. Цяпер паслухай: жылi-былi Воўк, мой бацька, i Ваўчыха, мая мацi, а яшчэ жыў-быў стары шэры Воўк (не надта мудры: ён цяпер пасiвеў), якi быў для мяне бацькам i мацi. I таму, - ён узвысiў голас, - я кажу: як прыйдуць сабакi, калi толькi яны прыйдуць, Маўглi i Вольны Народ будуць заадно ў гэтым паляваннi. Я кажу - клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, буйвалам, што аддала за мяне Багiра ў тыя днi, пра якiя вы ў Чарадзе забылi, - я кажу, i няхай чуюць мае словы рака i дрэвы i запомняць iх, калi я забудуся, - я кажу, што вось гэты мой нож будзе зубам Чарады. Па-мойму, ён яшчэ не прытупiўся. Вось маё Слова, i я яго сказаў!
- Ты не ведаеш сабак, чалавек з воўчай мовай! - крыкнуў Вантала. - Я хачу толькi заплацiць iм Доўг Крывi, перш чым яны разарвуць мяне. Яны рухаюцца павольна i знiшчаюць усё на сваiм шляху, але праз два днi ў мяне прыбавiцца сiлы, i я пачну плацiць iм Доўг Крывi. А вам, Вольны Народ, раю ўцякаць на поўнач i жыць галаднавата да таго часу, пакуль не пойдуць адсюль рудыя сабакi.
- Паслухайце Адзiнца! - усклiкнуў Маўглi са смехам. - Вольны Народ, мы павiнны ўцякаць на поўнач, харчавацца яшчаркамi i пацукамi з водмеляў, каб як-небудзь не сустрэцца з сабакамi. Яны спустошаць усе нашы лясы, а мы будзем хавацца на поўначы да таго часу, пакуль яны не надумаюцца аддаць нам наша дабро! Яны сабакi, i сабачыя дзецi - рудыя, жаўтапузыя, бяздомныя, у iх поўсць расце памiж пальцамi. Так, вядома, мы, Вольны Народ, павiнны ўцякаць адсюль i выпрошваць у народаў поўначы аб'едкi i розную падлу.
|< Пред. 154 155 156 157 158 След. >|