Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
163 из 197
Там ляжалi мёртвыя пчолы, адкiды, старыя соты, крыльцы матылькоў i жукоў, што паквапiлiся красцi мёд. Усё гэта зляжалася ў роўныя груды найтанчэйшага чорнага пылу. Аднаго вострага паху было дастаткова, каб адпудзiць кожнага, хто не мог лятаць i ведаў, што такое Маленькi Народ.
Каа плыў уверх па рацэ, пакуль не дабраўся да пясчанай водмелi каля ўвахода ў цяснiну.
- Вось здабыча гэтага года, - сказаў ён. - Глядзi!
На пяску ляжалi шкiлеты двух маладых аленяў i буйвала.
Маўглi бачыў, што нi воўк, нi шакал не кранулi касцей, якiя агалiлiся самi сабою, ад часу.
- Яны перайшлi мяжу, яны не ведалi, - прашаптаў Маўглi, - i Маленькi Народ забiў iх. Хадзем адсюль, пакуль пчолы не прачнулiся!
- Яны не прачнуцца да свiтанку, - сказаў Каа. - Цяпер я табе раскажу. Многа-многа дажджоў назад загнаны алень забег сюды з поўдня. Ён не ведаў джунгляў, а за iм па пятах гналася Чарада. Нiчога не бачачы ад страху, алень скокнуў з вышынi. Сонца стаяла высока, i пчол было вельмi многа, i вельмi злосных. I ў Чарадзе таксама было шмат такiх, якiя скочылi ў Вайнгангу, але ўсе яны памерлi, яшчэ не даляцеўшы да вады. Тыя, што не скочылi, таксама памерлi ў скалах наверсе. Але алень застаўся жывы.
- Чаму?
- Таму што ён бег наперадзе, скокнуў раней, чым Маленькi Народ пачуў яго, i быў ужо ў рацэ, калi яны сабралiся джалiць. А Чараду, што гналася за iм, усю чыста абляпiлi пчолы, якiх спудзiў тупат аленя.
- Той алень застаўся жывы? - у роздуме паўтарыў Маўглi.
|< Пред. 161 162 163 164 165 След. >|