Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
169 из 197
Няма на свеце мовы больш ядавiтай i калючай, чым тая, на якой гаворыць Народ Джунгляў,калi хоча зняважыць i выказаць пагарду. Падумаўшы крыху, вы i самi зразумееце, чаму гэта так. Маўглi i сам гаварыў Каа, што ў яго назбiралася шмат калючак пад языком, i паступова, павольна, але дакладна ён давёў маўклiвых сабак да таго, што яны забурчалi, потым забрахалi, потым хрыпла завылi, ажно захлiпаючыся. Яны спрабавалi адказваць на яго кпiны, але гэта было ўсё адно, як калi б ваўчаня адказвала раз'юшанаму Каа. Увесь гэты час Маўглi трымаў правую руку сагнутай у локцi, гатовы да дзеяння, а ногi моцна сцiскалi сук. Вялiкi цёмна-руды важак шмат разоў падскакваў у паветра, але Маўглi не спяшаўся, бо баяўся прамахнуцца. Нарэшце, ад лютасцi перасягнуўшы самога сябе, важак падскочыў футаў на сем, на восем угору ад зямлi. Тады рука Маўглi ўскiнулася, як галава змяi, што жыве на дрэвах, схапiла рудога сабаку за каршэнь, i сук затросся i сагнуўся пад яго цяжарам так, што Маўглi ледзь не звалiўся на зямлю. Але ён не разняў рукi i памаленьку ўсцягнуў рудога сабаку, якi павiс, нiбы дохлы шакал, да сябе на сук. Левай рукою Маўглi дастаў нож i, адсекшы руды калматы хвост, шпурнуў важака назад на зямлю.
Толькi гэтага i хацеў Маўглi. Цяпер сабакi не пабягуць па следзе Ванталы, пакуль не прыкончаць Маўглi або пакуль Маўглi не прыкончыць iх. Ён бачыў, як сабакi паселi ў кружок, дрыгаючы сцёгнамi, што азначала намер помсцiць да смерцi, i таму забраўся на развiлiну, што знаходзiлася трохi вышэй, прыхiлiўся зручней спiной да дрэва i заснуў.
Гадзiны праз тры цi чатыры ён прачнуўся i палiчыў сабак.
|< Пред. 167 168 169 170 171 След. >|