Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
193 из 197
Горла Маўглi сцялася, быццам яго душыла знутры, i голас яго прагучаў напружана, калi ён сказаў:
- Я абавязкова прыйду зноў... А цяпер, - гаварыў ён ужо за дзвярамi, адхiляючы галаву ваўка, якi лашчыўся да яго, - я табой незадаволены, Шэры Брат. Чаму вы не прыйшлi ўсе чацвёра, калi я паклiкаў вас, ужо даўно?
- Даўно? Гэта было толькi ўчора ноччу. Я... мы... спявалi ў джунглях новыя песнi. Хiба ты не памятаеш?
- Правiльна, правiльна!
- I як толькi песнi былi праспяваны, - горача загаварыў зноў Шэры Брат, я пабег па тваiм следзе. Я кiнуў астатнiх i пабег да цябе з усiх ног. Але што ж ты нарабiў, о Маленькi Брат! Навошта ты еў i спаў з чалавечай чарадой?
- Каб вы прыйшлi, калi я вас клiкаў, гэтага не здарылася б, - сказаў Маўглi, паскараючы крок.
- А што ж будзе цяпер? - спытаў Шэры Брат.
Маўглi хацеў адказаць, але на сцежцы паказалася дзяўчына ў белым адзеннi. Шэры Брат адразу прапаў у кустах, а Маўглi бясшумна адступiў у высокi трыснёг i знiк, як дух. Дзяўчына войкнула - ёй здалося, што яна ўбачыла здань, а потым глыбока ўздыхнула. Маўглi рассунуў рукамi доўгiя сцяблiны i сачыў за ёю, пакуль яна не схавалася з вачэй.
- А цяпер я не ведаю, - сказаў Маўглi i ўздыхнуў. - Чаму вы не прыйшлi, калi я вас клiкаў?..
- Мы заўсёды з табою... заўсёды з табою, - прабурчаў Шэры Брат i лiзнуў пятку Маўглi.
- А пойдзеце вы са мною да чалавечай чарады? - прашаптаў Маўглi.
|< Пред. 191 192 193 194 195 След. >|