Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 23 из 197

Потым разгарнуў плечы i пазяхнуў проста ў твар Радзе, але ў душы ён быў сам не свой ад злосцi i гора, бо ваўкi, па сваёй воўчай звычцы, нiколi не гаварылi Маўглi, што ненавiдзяцьяго.

- Слухайце, вы! - крыкнуў ён. - Увесь гэты сабачы брэх непатрэбны. Вы столькi разоў гаварылi мне сёння, што я чалавек (а з вамi я на ўсё жыццё застаўся б ваўком), што я i сам адчуў праўду вашых слоў. Я стану называць вас не братамi, а сабакамi, як i належыць чалавеку. Не вам гаварыць, чаго вы хочаце i чаго вы не хочаце, - гэта мой клопат! А каб вам лепей было вiдаць, я, чалавек, прынёс сюды Чырвоную Кветку, якой вы, сабакi, баiцеся.

Ён шпурнуў на зямлю гаршчок, гарачыя вугалi падпалiлi сухi мох, i ён загарэўся яркiм полымем. Уся Рада адскочыла назад перад языкамi полымя. Маўглi сунуў у агонь сухi сук, так што дробныя галiнкi ўспыхнулi i затрашчалi, потым закруцiў iм над галавой, разганяючы натапыраных ад страху ваўкоў.

- Ты - гаспадар становiшча, - сказала Багiра шэптам. - Выратуй Акелу ад смерцi. Ён заўсёды быў табе сябрам.

Акела, пануры стары воўк, якi нiколi ў жыццi не прасiў лiтасцi, цяпер з мальбою зiрнуў на Маўглi, а той стаяў у святле ад палаючай галiны, увесь голы, з растрапанымi на плячах доўгiмi чорнымi валасамi, i ценi скакалi i мiтусiлiся вакол яго.

- Так! - сказаў Маўглi, павольна азiраючыся навокал. - Бачу, што вы сабакi. Я iду ад вас да свайго народа - калi гэта мой народ. Джунглi цяпер не для мяне, я павiнен забыць вашу мову i вашу дружбу, але я ўсё ж буду больш лiтасцiвы, чым вы. Я быў вашым братам ва ўсiм, апрача крывi, i таму абяцаю вам, што, калi стану чалавекам сярод людзей, я не здраджу вам перад людзьмi, як вы здрадзiлi мне.

|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]