Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 21 из 197

Вы ведаеце, што мне падвялi свежага аленя для таго, каб мая слабасць стала вiдавочнай. Гэта было ўмела зроблена. Вы маеце права забiць мяне тут, на Скале Рады. I таму я пытаюся: хто з вас падыдзе i прыкончыць ваўка-адзiнца? Паводле Закону Джунгляў я маю права патрабаваць, каб вы падыходзiлi па адным.

Настала доўгае маўчанне. Нiводзiн воўк не асмельваўся распачаць смяртэльны бой з Акелам.

Потым Шэр-Хан зароў:

- Навошта нам гэты бяззубы дурань? Ён i так памрэ! А вось чалавечае дзiцяня зажылося на свеце. Вольны Народ, яно з самага пачатку было маёй здабычай. Аддайце яго мне. Мне агiдна бачыць, што ўсе вы быццам страцiлi розум з iм. Яно дзесяць гадоў баламуцiла джунглi. Аддайце яго мне, iнакш я заўсёды буду паляваць тут, а вам не пакiну нават голай косткi. Яно чалавек i дзiця чалавека, i я ўсiм сэрцам ненавiджу яго!

Тады больш за палову Чарады завыла:

- Чалавек! Чалавек! Навошта нам чалавек! Няхай iдзе да сваiх!

- I ўзнiме супраць нас усiх людзей у вёсках! - крыкнуў Шэр-Хан. - Не, аддайце яго мне! Гэта чалавек, i нiхто з нас не асмельваецца глядзець яму ў вочы.

Акела зноў падняў галаву i сказаў:

- Ён еў разам з намi. Ён спаў разам з намi. Ён заганяў для нас дзiчыну. Ён нi разу не парушыў Закону Джунгляў.

- Мала таго: калi яго прымалi ў Чараду, у плату за яго я аддала буйвала. Буйвал каштуе не дужа шмат, але гонар Багiры, магчыма, каштуе таго, каб за яго бiцца, - правуркатала Багiра сама мяккiм голасам.

- Буйвал, аддадзены дзесяць гадоў назад! - агрызнулася Чарада.

|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]