Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
73 из 197
Адыдзi ад тушы!
- Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, - сказаў Маўглi, здымаючы шкуру з лапаткi, - няўжо я патрачу ўвесь поўдзень на балбатню з гэтай старой малпай? Сюды, Акела, гэты чалавек абрыдзеў мне!
Балдзео, якi ўсё яшчэ стаяў, прыгнуўшыся над галавой Шэр-Хана, раптам расцягнуўся на траве, а калi апамятаўся, дык убачыў, што над iм стаiць шэры воўк, а Маўглi па-ранейшаму лупiць шкуру, як быццам ён адзiн ва ўсёй Iндыi.
- Та-ак, - сказаў Маўглi скрозь зубы, - ты кажаш праўду, Балдзео: ты не дасi мне нiводнага медзяка з узнагароды. Я даўно ваюю з гэтым кульгавым тыграм, вельмi даўно, i верх цяпер мой!
Трэба сказаць шчырую праўду пра Балдзео - калi б ён быў гадоў на дзесяць маладзейшы, ён бы не пабаяўся схапiцца з Акелам, сустрэўшы яго ў лесе, але воўк, якi слухаецца слова хлопчыка, у якога ёсць асабiстыя рахункi з тыграм-людаедам, - не звычайны звер. Тут вядзьмарства, сама небяспечныя чары, думаў Балдзео i ўжо не спадзяваўся, што амулет на шыi ўратуе яго. Ён ляжаў ледзь дыхаючы i чакаў, што Маўглi вось-вось зробiцца тыграм.
- Махараджа! Валадар! - прамовiў ён нарэшце хрыплым шэптам.
- Праўда? - адказаў Маўглi, не паварочваючы галавы i цiхенька пасмiхаючыся.
- Я ўжо стары. Адкуль я ведаў, што ты не звычайны пастушок? Можна мне ўстаць i пайсцi адсюль цi твой слуга разарве мяне на шматкi?
- Iдзi i жывi спакойна. Толькi другi раз не ўмешвайся ў мае справы.
|< Пред. 71 72 73 74 75 След. >|