Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 72 из 197



Аднак работа была цяжкая, i Маўглi завiхаўся цэлую гадзiну, аддзiраючы i паласуючы шкуру нажом, а ваўкi глядзелi, высалапiўшы язык, або падыходзiлi i цягнулi шкуру, калi ён загадваў iм.

Раптам нечая рука легла на плячо Маўглi, i, узняўшы вочы, хлопчык убачыў Балдзео з ангельскiм мушкетам. Пастухi расказалi ў вёсцы пра тое, што буйвалы пашалелi i ўцяклi, i Балдзео выйшаў сярдзiты, загадзя гатовы пакараць Маўглi за тое, што ён кепска глядзеў за статкам. Ваўкi знiклi з вачэй, як толькi заўважылi чалавека.

- Што гэта яшчэ за дурасць? - сярдзiта спытаў Балдзео. - Ды хiба ты аблупiш тыгра? Дзе буйвалы яго забiлi? Да таго ж гэта кульгавы тыгр, i за яго галаву прызначана сто рупiй. Ну-ну, мы не будзем цябе караць за тое, што не ўпiльнаваў статак, i магчыма, я дам табе адну рупiю, пасля таго як завязу шкуру ў Канхiвару.

Ён намацаў за поясам крэмень i крэсiва i прыгнуўся, каб асмалiць Шэр-Хану вусы. Амаль усе паляўнiчыя ў Iндыi падсмальваюць тыгру вусы, каб яго прывiд не трывожыў iх.

- Гм! - цiха сказаў Маўглi, здымаючы шкуру з пярэдняй лапы. - Дык ты завязеш шкуру ў Канхiвару, атрымаеш узнагароду i, магчыма, дасi мне адну рупiю? А я дык думаю, што шкура спатрэбiцца мне самому. Гэй, стары, выбiрайся з агнём падалей!

- Як ты смееш так размаўляць з найлепшым паляўнiчым вёскi? Тваё шчасце i дурнота буйвалаў памаглi табе займець такую здабычу. Тыгр толькi што наеўся, iнакш ён быў бы зараз за дваццаць мiляў адгэтуль. Ты нават аблупiць яго не зможаш як след, убогi хлапчук, ды яшчэ асмельваешся гаварыць мне, Балдзео, каб я не падсмальваў тыгру вусоў! Не, Маўглi, я не дам табе з узнагароды нiводнага медзяка, затое адлупцую як мае быць.

|< Пред. 70 71 72 73 74 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]