Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
93 из 197
"А чаму?" - спытаў Тха.
"Таму што я запэцкаўся ў балотнай гразi", - адказаў Першы з Тыграў.
"Дык паплавай i пакачайся па мокрай траве, i калi гэта гразь, яна, вядома, сыдзе", - сказаў Тха.
I Першы з Тыграў плаваў, i плаваў, i качаўся па траве, так што джунглi закруцiлiся ў яго перад вачамi, але нiводная плямка не сышла з яго шкуры, i Тха засмяяўся, пазiраючы на яго. Тады Першы з Тыграў спытаў:
"Што ж я зрабiў i чаму гэта здарылася са мною?"
Тха адказаў:
"Ты забiў быка i ўпусцiў Смерць у джунглi, а разам са Смерцю прыйшоў Страх, i таму Народы Джунгляў цяпер баяцца адзiн аднаго, як ты баiшся Безвалосага".
Першы з Тыграў сказаў:
"Яны не пабаяцца мяне, бо я даўно iх ведаю".
"Пайдзi i паглядзi", - адказаў Тха.
Тады Першы з Тыграў пачаў бегаць узад i ўперад па джунглях i гучна клiкаць аленяў, дзiкоў, дзiкабразаў i ўсе Народы Джунгляў. I ўсе яны ўцяклi ад тыгра, якi быў раней iхнiм Суддзёй, таму што баялiся яго цяпер.
Тады Першы з Тыграў вярнуўся да Тха. Гордасць яго была зламана, i стукнуўшыся галавой аб зямлю, ён пачаў грэбцi яе ўсiмi чатырма лапамi i завыў:
"Успомнi, што я калiсьцi быў Валадаром Джунгляў! Не забудзься пра мяне, о Тха! Няхай мае дзецi памятаюць, што калiсьцi я не ведаў нi ганьбы, нi страху!"
I Тха сказаў:
"Гэта я зраблю, бо мы ўдвух з табою бачылi, як стваралiся джунглi. Адна ноч у годзе будзе для цябе i для тваiх дзяцей такая ж, як была раней, пакуль ты не забiў быка.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|