Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
11 из 84
Тоўсты ў кажуху да кален кiдаў вачыма паўсiх, як бы стараючыся дасачыць, хто першы памкнецца зрабiць яму зло. Самы маладзейшы, зусiм малады хлопец у сатлелым чырвонаармейскiм адзеннi таксама абводзiў вачыма ўсiх, як бы шукаючы таго, каму ён мог бы паверыць. Што ж да самага старэйшага, з холадам на твары, то гэты, здавалася, яшчэ больш апанаваўся пакорай да нейкага свайго лёсу. Стаяў сабе i трымаў позiрк на абкарэлым крывёй бычыным хвасце, скручаным у абаранак вакол шыпшынавай папруцiны i безнадзейна ўблытаным разбэрсаным пукам валос у гушчырню калючых зараснiкаў.
- Дык што ж, - сказаў раптам шпаркiм тэмпам таўсматы, i вочы яго як бы мiргнулi, - нашто так доўга стаяць, трэба рэзаць быка.
Хто яго ведае, чаго больш было ў тоне яго слоў - гаспадарлiвай практычнасцi цi нейкай затоенай за гэтымi словамi думкi.
Ацвярдзелым позiркам ён шпарка кiнуў на ўсе бакi. Усе маўчалi i чакалi. Трэба думаць, што ён рабiў на ўсiх нейкае адно ўражанне, i ён сам мусiць разумеў гэта. Гаварыў ён па-расейску. Спрактыкаванае вуха магло б злавiць у яго ледзь заўважны нямецкi акцэнт. Такi слабы, што яго можна было i на ўвагу не браць. I мова яго пайшла б за чыстую расейскую, не жывую, а лiтаратурную. Бадай што адразу за першай фразай ён кiнуў i другую:
- Мяса будзем пячы на агнi... Я ўмiраю з голаду.
- I я ўмiраю з голаду, - з нотамi радаснай надзеi абазваўся малады ў летнiм пiнжаку. Ён калацiўся з холаду.
- Памру, - прастагнаў самы старэйшы, у якога на твары была пячаць абыякавасцi. - Я дзiўлюся сам, як я яшчэ жыву.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|