Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
12 из 84
I цi то гэта ёнмеў на ўвазе толькi свой голад, цi яшчэ i iншыя прычыны, хто яго ведае. У яго такi жудасны быў нямецкi акцэнт i вымова, што ён як быццам бы хвалiўся: "Я немец". Проста-такi ён i зусiм не ўмеў гаварыць па-расейску i толькi трапляў абы-як, цераз дзесятае ў пятае. Хоць паасобныя словы ён выгаварваў добра.
- Я чацвёртыя суткi не ем, - цiха, як бы сам сабе, прагаварыў самы маладзейшы ў зношаным чырвонаармейскiм адзеннi.
I ён зрабiў нейкi раптоўны рух. Было падобна, што ён хацеў штосьцi дастаць з-пад свае гiмнасцёркi. I ён калацiўся з холаду. Рух яго застыў на месцы, ён быццам адумаўся, што схаванае ў адзежы няхай там i будзе. Шпарка спусцiў ён руку ўнiз i правёў вачыма па ўсiх.
Як быццам бы ўсе яны разумелi адзiн аднаго як не трэба лепш. Згода была памiж iмi i яднанне. На iх насядаў голад. Ратунак! Вось гэта было iх сяброўствам. Тоўсты ў кажуху па-гаспадарску агледзеў быка i падышоў да яго. Малады ў летнiм пiнжаку нарыхтаваў свой фiнскi нож. Самы маладзейшы дастаў з-пад гiмнасцёркi кiнжальчык з медным тронкам i ў раменным чахле. Ён стаяў блiжэй за ўсiх да быка. Тоўсты працягнуў руку, каб узяць гэты кiнжальчык. Вельмi можа быць, а напэўна так i было, што ён сам хацеў гэтым кiнжальчыкам закалоць быка. Малады чалавек з недавер'ем адмахнуў руку назад i адступiў на крок. I гэта было як бы сiгналам да таго, каб усiм iм нават i перад тварам адзiнага свайго ратунку зачынiць наглуха адзiн перад адным свае душы. Усе стаялi ў маўклiвай нерухомасцi. Раптам малады ў летнiм пiнжаку не вытрымаў.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|