Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
9 из 84
Але такая пячаць бывае на твары толькi ў таго, хто вытрымаў нясцерпныя пакуты i пазнаў тую праўду, што ўсё звыклае чалавеку i нецiкавае, нават апрыкралае, можа стаць яму раптам вялiкiм шчасцем i радасцю. Нейкая як бы паглыбленасць у самога сябе была ў iм. Яна не была закаранелая i застарэлая, i можа гэта былi толькi першыя адзнакi яе. Калi так, то яна магла i не пакiнуць сваiх слядоў у чалавечай натуры. Была i яшчэ адна рыса ў гэтага чалавека. Гэта як бы лёгкая здзiўленасць. Здавалася, што яшчэ ўсё не можа апамятацца ад нейкага нечаканага шчасця i яшчэ ўсё перажывае радасць, якая з'явiлася перад iм як дар чалавеку ад усяго свету. I такiм парадкам свет паказаўся перад iм невядомымi яму раней гранямi: свет не толькi бязлiтасны i жорсткi. Ён яшчэ ласкавы i ясны. I сваю радасць чалавек можа знайсцi ў кожнай травiне. Штосьцi такое было ў чалавеку. Ён быў у чырвонаармейскiм адзеннi, у летнiм. Без шыняля i на галаве зусiм без шапкi. Нiзка абстрыжаны. У гiмнасцёрцы i нагавiцах з той крамнiны, з якое робяцца плашчы-палаткi. Пояса не было. А на босых нагах, без ануч, лапцi з лыка. Усё адзенне на iм было такое старое, такое зношанае, такое ўжо бескаляровае, што, здавалася, яно даўно ўжо сатлела i на чалавеку ледзьве лiпiць, i павiнна неўзабаве спрахнуць пылам на няма нiшто. Твар у гэтага зусiм маладога чзлавека быў як вытачаны, лоб высокi i вочы цiхiя. Праўда, вочы маглi быць такiя не толькi ад прыроды натуры, але i ад нейкага ўражання, успрынятага чалавекам.
Другi, што з'явiўся тут разам з iм, быў немалады.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|