Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
14 из 84
Бяга яго была роўная, ён бег куды беглася. Чуючы, што за iм гоняцца, ён паддаваў ходу. Але не толькi ён, а i яны тамiлiся, i iх агульны рух павальнеў, але не спыняўся.
- Ахапiць яго з флангаў! - закрычаў тоўсты.
Бяга iшла доўга. Пакуль беглi, дзень яшчэ паяснеў i схiлiўся блiзка да заходу сонца. Беглi роўна, усё ў адзiн кiрунак. Мерзлае поле не мела на сабе нiякiх сцежак нi дарог. Яны прабеглi некалькi разоў паўз дробныя ляскi, мiналi лагчыны i ўзгоркi. Нарэшце ўсе ўзрадавалiся: бык пайшоў цiха. I ўсе пайшлi так, дыхнуўшы на поўныя грудзi. Якое iм было шчасце не бегчы больш! Ногi ў iх чаплялiся адна за адну. Яны хiсталiся ў бакi.
Той, што ў лёгкiм пiнжаку, раптам падняў у сябе з-пад ног нейкi высахлы корань i стаў жаваць яго. Самы старэйшы рвануў з прымерзлай зямлi кусцiк счарнелай травы i сцiснуў яе зубамi.
- Кончуся зараз, - сказаў тоўсты.
- Што вы жуеце? - прахапiўся нейк раптам самы маладзейшы, дапытлiва сочачы за тымi двума. Ён не бачыў, як адзiн iрваў траву, а другi паднiмаў з-пад ног корань.
Бык стаў. Сталi i яны. Бык спусцiў мысу ў зямлю, як бы нюхаючы ў сябе каля капытоў. Усе ўчатырох селi на зямлю.
- Цяпер мы яго дагналi б, - сказаў маладзейшы. - Ой, як холадна. У мяне шыя спацела... Памру з голаду.
- Я ледзьве жыву, - абазваўся той, што ў летнiм пiнжаку.
- Бык лёг! - жвава сказаў самы старэйшы.
Дзiўна было: як адразу апанавала яго такое ўзбуджанне.
Бык сапраўды ляжаў.
- На быка! - гукнуў адразу тоўсты ў кажуху. Усе ўчатырох усхапiлiся i пабеглi. Бык устаў i пабег.
|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|