На беразе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
11 из 17
Але ўсе яны зводзiлiся к таму, што людзi, злучыўшыся ў адну вялiкую сям'ю,зробяць на сваёй зямлi нешта такое, што будзе большае па сваёй сiле за самую зямлю. Вялiкае дзела робяць яны.
Корань гэтай думкi ён пачуў раз у павятовым горадзе ад аднаго прамоўцы на лекцыi для сялян.
- Усе тыя, што самi працуюць, - гаварыў прамоўца, - злучыўшыся пад сцягам камунiзма, арганiзуюць вялiкую сiлу, якая знiшчыць усё тое, ад чаго так мучыцца, жывучы, чалавек...
Амелька думаў i глядзеў вакол.
На той бок рэчкi, недалёка ад вёскi Хартонаўкi, выехаў араць чалавек. Яго каравая, цёмная фiгура здавалася здалёк куском той самай зямлi, па якой ён ходзiць.
- Пайду, пагавару з чалавекам, - сказаў сам сабе Амелька, - а то яшчэ здзiчэю тут адзiн.
Над апошнiмi сваiмi словамi ён неяк хмурна ўсмiхнуўся.
Паволi, як бы раздумваючы, цi варт плысцi, папоўз паром назад к берагу. Амелька, утомлены думкамi, вяла перабiраў рукамi дрот.
Выйшаўшы на бераг, ён зразу размеранымi крокамi пайшоў к аратаму. Той, ласкава пакрыкваючы на свайго конiка, паволi iшоў за плугам, неглыбока заворваючы ржышча на зiму.
Ён быў у доўгiм, парыжэўшым ад старасцi халаце, няроўна абарваным унiзе; доўгiя валасы яго закрывалi вушы. Каравыя рукi яго ўспiралiся на плуг, i, каб не ён сам тут, можна было падумаць, што гэта якi-небудзь корч, нядаўна выцягнуты з зямлi. Босымi нагамi ён цiха ступаў па мяккай чорнай зямлi.
Гэта быў Амелькаў знаёмы.
- Здароў, брат, - сказаў Амелька, падыходзячы блiзка.
- Здароў! - адказаў той, прыпыняючыся.
- Позна, браце, араць выехаў.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|