На беразе (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 10 из 17



Не кажучы нi слова, Амелька ўзяў каня за обраць, узвёў на паром, якi i пагнаў прывычнаю рукою к другому берагу.

Там, узяўшы грошы за перавоз i даўшы чалавеку квiтанцыю, паволi паплыў назад.

Чалавек не сказаў нiводнага слова, а толькi, ад'язджаючы, кiўнуў галавою i з нейкаю задуменнасцю ў голасе зноў заспяваў.

"Вось праехаў чалавек, - думаў Амелька, - невядома, адкуль i хто i пра што ён думае. Колькi ў гэты момант думак на зямлi?! I ўсякая думка аб тым, каб як найлепей зрабiць дзела гэтага моманту. I аднак, нягледзячы на гэта, чалавек увесь час мучыцца на зямлi. А гэтыя, новыя камунiсты, суседнiя мае хлапцы-камсамольцы, заўсёды вясёлыя, знайшлi, мусiць, дарогу к гэтай радасцi..."

Амелька адплыў на сярэдзiну ракi, прыпынiўся i стаў глядзець на ваду.

Яна ўжо не пенiлася i не шумела так моцна, як раней, бо сцiх вецер; яна адлiвала чырванню, бо празрыста свяцiла сонца. Яно ўжо было на захадзе, i свет яго быў чырвоны. Неба ачысцiлася ад хмар.

Амелька паглядзеў, як паволi, але заметна, супакойвалася вада, i ў звязку з гэтым у яго выплыла новая пастаронняя думка:

"А чалавек некалi ўзварушыць сабе на карысць усю зямлю, так, як вецер ваду. Чалавек моцны. Каб яго сiлы не растрачвалiся на тое непатрэбнае, што дагэтуль вядзецца на зямлi, не тое б можна было бачыць цяпер у жыццi...

Што б з чалавекам нi зрабiлася, нiдзе ён не дзенецца з свае зямлi. Уся зямля, кожны яе кусочак адналькова родны чалавеку".

Думкi ў Амелькi выплывалi адна за другою. Ён не мог улавiць нi пачаткаў, нi канцоў iх.

|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]