На беразе (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 14 из 17

Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага i белай на сярэдзiне вадзе, якая пад iм чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.

Ад гэтага свету i поле кругом было нейкае белаватае, i здавалася, што нешта там прытаiлася, сочыць за ўсiм, што робiцца вакол.

На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялi яны каля вады, каля iх цямнелi i варушылiся конi i чулiся людскiя галасы.

- Хто першы - узводзь каня, - сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.

- А колькi фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз? - пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.

- Адна.

- Э, мала. Доўга перавозiць будзеш.

Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокi воз, узышло чалавек пяць людзей.

Паром цiха рушыў назад.

- Чырвонаармейцы, - сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.

- А што?! - гукнуў з-за воза голас.

- Нiчога. Пазнаю, што за людзi. Здалёку?

- З горада.

- Куды?

- На гранiцу.

Памаўчалi.

- Што за рака? - бухнуў той жа грубы голас.

- Лоша.

- Слаўнае месца. Лесу многа.

- Гэ-эй, там, скар-р-рэ-эй! Паро-о-о-о!.. - гукнуў з берага нецярплiвы голас.

- Чаго арэш, не пакiнем, не бойся! - гукнулi з парома.

- Э-э-э, там, о-о-э!..

- Хочаш скарэй - кiдайся ў ваду!..

Два галасы з розных берагоў весела рвалi цiш светлае ночы. Паром i без крыку быстра лятаў ад аднаго берага к другому, але людзям хацелася пакрычаць i слухаць зычныя рэхi ў лесе над полем.

А на беразе, каля Амелькавае будкi, ужо раскладвалi агнi. Аднекуль цягалi лом, сухiя дубцы i збiралiся каля агнёў кучкамi.

|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]