На беразе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
2 из 17
Процiў парома, у некалькi кроках ад вады прытулiлася к зямлi будка паромшчыка. Яна сплецена яшчэ ў канцы лета з бярозавых дубцоў. Лiсце на iх пажоўкла i пасохла i цяпер шумiць на ветры цiха i нудна.
Вакол будкi - скошаны ўлетку поплаў, сям-там чарнеюць на iм нiзкiя купiны, атава збiта быдлам i пацямнела.
Па ёй задумёна i важна спацыруюць вароны; месцамi зямля ад iх, на вялiкi абшар, чарнее жывымi купiнкамi. Як пачынае свяцiць сонца, яны ўзнiмаюцца i, весела крычучы, нiзка кружацца над зямлёю.
На той бок ракi, на ўзгорку, сярод заворанага на зiму поля, вiдаць вёска Хартонаўка.
На гэты бок, не вельмi далёка - голы ўжо дубовы лес i пры iм, як клешч пры вялiкiм целе, - малады бярэзнiк.
На беразе пуста.
Адзiнокi паром трасецца на вадзе, шморгаючы аб пусты, звiты ў некалькi столак дрот, працягнуты цераз рэчку, з аднаго берага на другi. Каля будкi валяецца некалькi паленняў дроў, куча лому i каля яе патухшае вогнiшча...
Паромшчык Амелька Вiлач не вылазiць з свае будкi - рад, што перавозiць некага: гэтакаю пагодаю мала хто ездзiць i ходзiць.
Яму пяцьдзесят год. Цвёрдыя вусы яго канцамi сваiмi растуць унiз i закрываюць рот. Мяккая, махнаценькая "папоўская" шапка яго заўсёды ссунута на патылiцу, адкрываючы шырокi лоб i даючы твару яго такi выгляд, як бы ён на доўгi час збiраецца падняць сваю галаву ўгару i чорнымi вачыма сваiмi пiльна ўглядацца ва ўсё тое, што робiцца вакол.
Нiзка стрыжаныя валасы яго каля вушэй чуць-чуць серабрацца сiвiзной.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|