На беразе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
4 из 17
Толькi ў гадзiн восем ранiцы прыйшлося перавозiць камсамольцаў - усё суседнiххлапцоў з свае вёскi.
Яны, паставiўшы спектакль, начавалi ў Хартонаўцы i iшлi дамоў.
Яшчэ здалёк Амельку пачулiся вясёлыя песнi i крык:
- Мiхась, э-ээ!.. Рыла суконнае, перавозь!.. О-о-э-э!..
Амелька выскачыў з будкi i стаў адвязваць паром. Мокрая, раскудзеленая вяроўка не развязвалася, i хлопцы нецярплiва крычалi:
- Скарэй, а то ўто-о-о-пiм! Заснуў!.. Гэ-эй!..
- Успееце, чорт вас не возьме, - сярдзiта i весела гукнуў iм Амелька.
- А, дзядзька Амяльян! - пачуўся крык з таго берага. - Скарэй, дзядзька, не марудзь!
- Скiнь порткi, дык будзеш вё-о-орткi, - весела, са смехам гукнуў другi голас.
Хлопцы крычалi, часам апошнiя словы прыспеўвалi. Звонкiя галасы iх рэзалi паветра i глушылi шум ветру i вады.
Амелька ўпёрся нагамi ў паром i пачаў перабiраць рукамi мокры дрот. Паром, цiха паскрыпваючы, загойдаўся на вадзе i папоўз цераз раку.
Зразу Амельку абвеяла мокрым ветрам. Ён зажмурыў вочы, ад чаго твар яго прыняў выгляд такi, як бы Амелька к нечаму прыслухоўваецца...
Яшчэ не падплыў ён к берагу, як вясёлыя камсамольцы пачалi скакаць на паром.
- Паволi, - крычаў Амелька, - патопiцеся, дурнi, чаго вас дрэнчыць!
- Назад! - закрычалi яму ў адказ хлопцы.
Паром яшчэ не прыстаў к берагу, а яны ўжо ўсе былi на iм. Некалькi рук, адапхнуўшы Амельку, замiтусiлiся на мокрым дроце. Паром быстра, так, як нiколi, пайшоў к берагу.
- Вось чэрцi, - сказаў Амелька, - усё роўна, як лукавы iх падмывае.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|