На беразе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
5 из 17
Чаго вы гэтакiя вясёлыя?
- А чаго плакаць, - адказаў яму смуглы Мiколка, сын яго суседа Кастуся, - на свеце няма чаго плакаць...
I, пачакаўшы з хвiлiнку, закончыў:
- Каб, здаецца, трохi цяплейшая вада, дык так бы плюхнуўся i паплыў бы процi вады.
- I ўтапiўся б, - сказаў Амелька.
- Не ўтапiўся б, - адказаў рашуча Мiколка.
Паром падплыў к берагу. На зямлi рабiлася святлей - на небе пачала расплывацца светлая лапiна: гэта сонца хацела прабiцца скрозь хмары.
Хлопцы пасаскаквалi з парома. Мiколка прыкруцiў яго к слупку, i ўсе пачалi бiць рукамi аб полы свае адзежы - ад сырасцi i халоднага, мокрага дроту памерзлi рукi.
Амелька праверыў, цi добра Мiколка прывязаў паром, i хацеў ужо лезцi ў сваю будку, але хлопцы, як бы згаварыўшыся, схвацiлi яго за рукi i, зрабiўшы кола, усе гуртам закружылiся.
- Пусцiце, д'яблы, - крычаў Амелька, - знайшлi таварыша!
Але хлопцы зналi вясёлы гумар Амелькi. Зналi, што часта ён сам, схвацiўшы дзе-небудзь на iгрышчы дзяўчыну, пускаўся з ёю ў скокi.
I яны яшчэ мацней закружылiся i зачмокалi нагамi па мокрай зямлi.
Сонца весела пячэ,
Цераз мост вада цячэ,
стараючыся пападаць у такт нагамi, загукаў Мiколка вясёлую песню. Гурт здаровых галасоў зычна хвацiў далей:
Пад вадою мост дрыжыць,
Па вадзе Мiхал бяжыць!
Старога Амельку раптоўна ахвацiла буйная вясёласць. Ён бачыў, як хлопцы спрытна ўзляталi ўгару, ускiдалi махам галавы з вачэй свае доўгiя валасы i шчабяталi песню. А мокры i жывы вецер весела свiстаў у вушы i вочы.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|