Незалежнасьць - гэта (на белорусском языке) :: Орлов Владимир
Страница:
4 из 5
Незалежнасьць - гэта калi з тэлеперадач i газэт раптам зьнiкаюць лiсты нястомна-таямнiчых вэтэранаў i вусьцiшныя паведамленьнi пра нацыяналiстаў i экстрэмiстаў з народныхфрантоў, якiя нават ў начы ня сьпяць, а распальваюць памiж табой, Алёшам i Мiшам, тату якога звалi Iсакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, мiжнацыянальную варожасьць, каб учынiць сярод вас крывавую разьню й пусьцiць пад адхон цягнiк перабудовы.
Незалежнасьць - гэта калi нiхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць без вялiкага старэйшага брата, бо ня мае сваiх баксiтаў цi алмазаў, i ты разумееш, што зусiм дарэмна шкадаваў гарапашных галяндцаў цi бэльгiйцаў, якiя ня маюць нi баксiтаў, нi алмазаў, нi нават старэйшага брата.
Незалежнасьць - гэта калi велiзарныя фуры з надпiсам "Центровывоз" (цi бачыў ты хоць раз такiя фуры з надпiсам "Центроввоз"?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.
Незалежнасьць - гэта калi раптам высьветлiцца, што разумныя людзi ёсьць i ў нас, i калi - крый Божа! - выбухне завод цi прычынiцца якое iншае лiха, ня трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камiсiя з маскоўскiх разумнiкаў.
Незалежнасьць - гэта калi на Божай пасьцелi ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы цi касьцёла, дзе цябе хрысьцiлi i дзе ты вянчаўся, не выкапаюць сажалку з брудным лебедзем i не пабудуюць басэйн iмя XVIII зьезду КПСС, а могiлкi, дзе будуць спачываць твае косьцi, не зьнясуць i не ператвораць у закiданы пустымi пляшкамi парк культуры й адпачынку iмя таварыша Гарбачова або iмя таварыша Лiгачова.
Незалежнасьць - гэта...
Незалежнасьць - гэта калi ад нараджэньня да скону пачуваесься сваiм чалавекам на сваёй зямлi.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|