Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
108 из 117
" Словам, галоўнае, як вы бачыце, - адмовiцца ад свабоды i, пакаяўшыся, падпарадкавацца яшчэ большаму мярзотнiку, чым ты сам. Калi ж усе мы зробiмся вiнаватыя, гэта i будзе сапраўдная дэмакратыя. Застанецца, мiлы дружа, адпомсцiць толькi за тое, што памiраць даводзiцца самому. Бо смерць - асабiстая справа кожнага, а рабства - супольная справа ўсiх. Усе дастаюць па заслугах разам з намi i, што асаблiва важна, - у той жа час, што i мы. Настае нарэшце ўсеагульная еднасць i роўнасць, няхай i на каленях, i са схiленай галавой.
Хiба ж не прыемна жыць вось так - у падабенстве з грамадствам, i хiба ж не прыпадабняецца тым самым грамадства да нас? Пагрозы, гвалт, палiцыя - вось святыя таiнствы, якiя асвячаюць гэтае прыпадабненне. Пагарджаны, цкаваны i гнаны, я магу нарэшце ўздыхнуць на поўныя грудзi, адчуць асалоду быць такiм, якi ёсць, i зажыць натуральна. Вось чаму, мiлы дружа, урачыста адсалютаваўшы свабодзе, я вырашыў цiшком падсунуць яе каму-небудзь iншаму. I цяпер заўсёды, як выпадае магчымасць, я прапаведую ў сваёй парафii "Мехiка-Сiцi", я заклiкаю мiлую паству скарыцца i цiхмяна чакаць шчодрасцей памыснага рабства, няхай дзеля гэтага мне i даводзiцца выдаваць яго за сапраўдную свабоду.
Але я не вар'ят, я выдатна разумею, што рабства настане не заўтра. Яно будзе вялiкiм дарам будучынi, i толькi. А пакуль я вымушаны прыстасоўвацца да сучаснага i шукаць, прынамсi, якогась часовага выйсця. Я павiнен знайсцi нейкi iншы сродак, якi дазволiць пашырыць прысуд на ўсiх i паменшыць яго ўцiск на мае кволыя плечы. I я знайшоў гэты сродак.
|< Пред. 106 107 108 109 110 След. >|