Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
106 из 117
Яны вельмi не хочуць аскандалiцца i таму вымушаны таiць свае сапраўдныя думкi. Я ведаў аднаго пiсьменнiка-атэiста, якi кожны вечар малiўся ў сваiм пакоi. Але вы б толькi пачулi, як ён бэсцiў беднага Бога ў сваiх раманах! Вось ужо даваў дыхту, як казаў пра гэта, я ўжо не памятаю, хто! А калi я расказаў пра яго аднаму ваяўнiчаму вальнадумцу, той адно ўзняў рукi да неба i з уздыхам, бяззлосна прамовiў: "Вы не паведамiлi мне нiчога новага. Я ведаю - усе яны такiя". На яго думку, восемдзесят адсоткаў нашых пiсьменнiкаў з задавальненнем бы ўславiлi iмя боскае, каб толькi маглi не падпiсваць сваiх кнiг. Але яны не могуць iх не падпiсваць таму, што вельмi любяць сябе, i нiкога не славяць, бо страшэнна адзiн аднаго ненавiдзяць. I толькi таму, што яны ўсё-такi не могуць адолець сваёй прагi ўсiх ушчуваць, яны стараюцца выгадаць на маралi. Словам, усе яны хворыя на своеасаблiвы дабрачынны сатанiзм. Далiбог, мы жывём у забаўны час! I чаго тут дзiвiцца, калi ва ўсiх тлумяцца мазгi, як у таго майго сябра, якi лiчыў сябе за атэiста, пакуль быў бездакорным мужам, i як толькi кiнуўся ў юр, адразу ж узяў прычасць!
Ах, маленькiя хiтруны, камедыянты, крывадушнiкi! Якiя яны ўсё ж замiлавальныя! I паверце, я не хлушу, усе яны такiя, нават калi стараюцца спапялiць само неба разам з святымi. Хто б яны нi былi - бязбожнiкi цi багамольцы, бастонцы цi масквiчы - усе яны хрысцiяне, усе, ад бацькi да сына. Толькi цяпер больш няма нi бацькоў, нi айцоў, нi запаветаў! Вызвалiлiся! Ну што ж, выкручвайцеся самi.
|< Пред. 104 105 106 107 108 След. >|