Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
107 из 117
Але больш за ўсё яны баяцца менавiта свабоды i яе прыгавору, i моляць, каб хоць нехта ляпнуў iм па руках, i выдумляюць самi сабе нейкiя жудасныя парадкi, i спяшаюцца хутчэй замянiць усе цэрквы на вогнiшчы. Саванаролы, я вам кажу, сапраўдныя Саванаролы! Але вераць яны толькi ў грэх i нiколi - у боскую ласку. Вядома, яны пра яе думаюць. Ласкi, боскае ласкi вось што iм трэба, i згоды, i забыцця, i шчасця быць, шчасця жыць, iснаваць, а можа (хто ж яго ведае, бо ўсе яны, апроч таго, сентыментальныя), можа, яны мрояць i пра заручыны, пра маладую цнатлiвую дзяўчыну, пра вернага сябра жыцця, пра ўрачыстую музыку? Вось я, здаецца, не быў сентыментальны, а ведаеце, пра што я марыў: каханне да скону, усiм сэрцам i целам, дзень i ноч, у вечных абдымках, у полымi страсцi i асалоды, i гэтак пяць год, а потым смерць. Мары! Мары!
Ну што ж, калi няма ўжо заручын, нi вечнай любвi, дык няхай будзе хоць шлюб - зверскi, з прыгнётам i пугай. Галоўнае - каб усё было проста, як у дзяцей, каб кожным нашым учынкам кiравалi, каб лiха i дабро былi вызначаныя раз i назаўжды, няхай адвольна, затое бясспрэчна. I я пагаджуся з усiм гэтым, якi б я нi быў сiцылiец-яванец i як бы далёка я нi стаяў ад хрысцiян, што, зрэшты, не замiнае мне адчуваць пэўную спагаду да першага сярод iх. Усё ў тым, што на парыжскiх мастах я зразумеў, што таксама баюся свабоды. I таму - няхай жыве пан, хто б ён нi быў, абы толькi здолеў змянiць волю нябёсаў! "О, айцец наш, якi часова сышоў на зямлю!.. О, нашы правадыры i начальнiкi, так салодка суровыя!.. О, нашы бязлiтасныя i горача любiмыя кiраўнiкi!..
|< Пред. 105 106 107 108 109 След. >|