Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
18 из 117
Я добра тады разумеў, чаму ўсе вялiкiя казанi, прароцтвы i цуды рабiлiсяна вяршынях. Па-мойму, чалавек не здольны мыслiць у склепе цi ў вязнiцы (хiба што яна будзе на вежы, адкуль вiдзён увесь абшар); там не мысляць - там пакрываюцца цвiллю. I я выдатна разумеў таго чалавека, якi, пастрыгшыся ў манахi, убачыў, што акно ў яго келлi выходзiць не на шырокi краявiд, а на глухую сцяну, i адразу скiнуў з сябе клабук. Што ж да мяне, дык тут ужо можаце быць упэўнены - я не цвiў. Штогадзiны, штодня, сам-насам i на людзях я караскаўся да вяршынi, я запальваў там зыркi агонь i прыслухоўваўся да радасных прывiтальных крыкаў, што неслiся знiзу. Вось так я цешыўся жыццём i сваёй дасканаласцю.
Мая прафесiя, на шчасце, спрыяла майму iмкненню да вяршынь. Яна пазбаўляла мяне горкай крыўды на маiх блiзкiх, якiм я заўсёды рабiў паслугi, але нiчога не быў вiнен. Яна ставiла мяне вышэй за суддзяў, якiх я сам судзiў у сваю чаргу, i вышэй за падсудных, якiх я прымушаў быць мне ўдзячнымi. Заўважце, шаноўны, што сам я жыў бяскарна. Мяне не датычыў нiякi прысуд, мяне наогул не было на судовым памосце - я лунаў недзе там, пад скляпеннем, як багi ў антычным тэатры, якiх адмысловай машынай спускалi, каб надаць дзеi патрэбны кiрунак i сэнс. Урэшце, жыць на вяршынi - пакуль што адзiны сродак, каб цябе заўважыла i ўшанавала як мага большая колькасць людзей.
Некаторыя з маiх мiлых злачынцаў iшлi на забойства, кiруючыся менавiта гэтаю думкай. Чытанне газет у тым незайздросным становiшчы, у якiм яны былi, вядома, давала iм слабае суцяшэнне.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|