Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
19 из 117
Як i большасць людзей, яны не маглi болей вытрываць сваёй невядомасцi i з такой нецярплiвасцю iмкнулiся хутчэй быць заўважанымi, што часам гэта штурхала iх на сумныя крайнасцi. Каб зрабiцца вядомым, увогуле, досыць забiць кансьержку ў сваiм пад'ездзе. Але, на няшчасце, гэта хутка мiнучая слава, бо - надта ўжо многа кансьержак сапраўды заслугоўваюць i дастаюць нож у спiну. Толькi злачынства стала трымае галоўную ролю на сцэне, а злачынца - злачынца ўзнiкае на ёй на iмгненне, i адразу падмяняецца iншымi. I за такi кароткi трыумф яму даводзiцца нарэшце вельмi дорага заплацiць. А вось абарона нашых няшчасных шукальнiкаў славы прыносiла мне якраз сапраўдную вядомасць, прычым у той жа час i ў тым самым месцы, але намнога болей эканамiчнымi сродкамi. Гэта натхняла мяне рабiць усе вартыя ўхвал намаганнi, каб яны заплацiлi як мага меней; бо часткова яны плацiлi i за мяне. Шчырае абурэнне, талент i гарачыя пачуццi, якiмi я шчодра аздабляў свае прамовы, былi той кампенсацыяй, якая пазбаўляла мяне ўсякiх даўгоў перад iмi. Суддзi каралi, асуджаныя выкуплялi сваю вiну, а я, свабодны ад усiх абавязкаў, бяскарны i непадсудны, - лунаў на волi, асветлены райскiм праменнем.
Ну сапраўды, пане, цi ж гэта не рай - такi непасрэдны кантакт з жыццём? А я жыў менавiта так. Вучыцца жыць мне не даводзiлася нiколi. Тут мне ўсё было ясна ад самага нараджэння. Ёсць людзi, у якiх галоўная праблема - унiкнуць падобных да сябе цi, прынамсi, неяк ужыцца з iмi. У мяне ж ужыўлiвасць была прыроджаная якасць.
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|