Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
20 из 117
Калi трэба, я мог быць маўклiвы, калi трэба - па-сяброўску гаваркi, я мог паводзiць сябе бесцырымонна або паважна, але заўсёды трымаўся так, як вымагалi таго абставiны. Таму папулярнасць мая расла i буйнела, i я ўжо збiўся з лiку сваiх перамог у сама розных кампанiях. Я быў даволi прыгожы з твару, лiчыўся за нястомнага танцора i сцiплага эрудыта, любiў адначасова i жанчын, i правасуддзе - што, памiж iншым, не так ужо лёгка спалучаць, - я займаўся сама рознымi вiдамi спорту, цiкавiўся выяўленчым мастацтвам, паэзiяй, музыкай, карацей кажучы... тут я мушу спынiцца, каб вы не западозрылi мяне ў самалюбаваннi. Але ўсё-такi, уявiце сабе мужчыну ў росквiце сiлы, поўнага здароўя i шчодра надзеленага сама рознымi талентамi, аднолькава добра спрактыкаванага i з пункту погляду фiзiчнага, i iнтэлектуальнага, якi не ведае, што такое бяссоннiца, i цалкам задаволены сабой, але выяўляе гэта адно праз сваю шчырую таварыскасць да iншых. Вы мусiце пагадзiцца, што нават пры ўсёй сцiпласцi я маю права сказаць, што жыццё ў мяне складвалася ўдала.
Сапраўды, мала хто жыў такiм натуральным жыццём, якiм жыў я. Я прымаў яго такое, як яно ёсць, цалкам, не адмаўляючыся нi ад яго дзiвацтваў, нi ад яго вялiкасцi, нi ад яго рабскiх абавязкаў. У прыватнасцi, усё плоцевае i матэрыяльнае, цi, карацей кажучы, - усё тое, што належыць да фiзiчнай сферы жыцця i так часта бянтэжыць цi вядзе да разгубленасцi многiх людзей у iх каханнi або адзiноце, прыносiла мне заўжды толькi ўцехi. Але я не быў сляпым рабом свайго цела. Яно было натуральнай, неадрыўнаю часткай майго iснавання.
|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|