Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
46 из 117
Любыя сябры, нават сама разумныя, хутка мне надакучвалi, але я нiколi не сумаваў з жанчынамi, якiя мне падабалiся. Мне няёмка прызнацца, але я аддаў бы дзесятак сустрэч з Эйнштэйнам за адно першае спатканне з прыгожанькаю статысткай. Праўда, на дзесятым спатканнi я б ужо затужыў па Эйнштэйне цi па добрай сур'ёзнай кнiзе. Але ўвогуле, высокiя праблемы цiкавiлi мяне адно ў прамежках памiж маiмi маленькiмi забавамi. А колькi разоў я, стоячы з сябрамi на ходнiках, у самы разгар спрэчкi раптам губляў нiтку размовы толькi таму, што вулiцу ў гэты момант пераходзiла якаясь чароўная спакуснiца!
Словам, я гуляў. Я ведаў, што жанчыны не любяць, калi да мэты iдуць надта хутка. На iх думку, спачатку патрэбны адпаведная гутарка, пяшчоты. I тут у мяне не ўзнiкала нiякiх цяжкасцей: гаварыць я заўсёды ўмеў - я ж быў адвакат, - а позiркi сама розных адценняў навучыўся кiдаць яшчэ ў войску, калi займаўся ў тэатральным гуртку. Ролi мянялiся часта, але п'еса заўсёды была адна. Напрыклад, мне вельмi ўдавалася сцэна з нейкай неадольнай, падсвядомаю цягай: "я сам не ведаю, што са мной робiцца", "далiбог, я разумею, што гэта неразумна...", "я не хачу гэтага кахання, я так стамiўся..." i гэтак далей. Нумар, увогуле, не надта новы, але дзейнiчаў ён заўжды эфектыўна. Цi быў яшчэ адзiн - нейкае таямнiчае, бязмежнае пачуццё, якога не дарыла яшчэ нi адна жанчына. Можа быць, яно i не вельмi трывалае, можа быць, - i я нават упэўнены ў гэтым (хто ж можа за сябе паручыцца), - але цяпер без яго жыццё - не жыццё. Асаблiва ж добра я адшараваў адну маленечкую тыраду.
|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|