Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
47 из 117
Сэнс гэтай тырады заключаўся ў пакорным i смутным прызнаннi,што я абсалютная нiкчэмнасць, са мной не варта звязваць свайго жыцця, я сваё аджыў, але нiколi так i не ўбачыў шчасця, за якое цяпер, мабыць, аддаў бы ўсё на свеце, але - на жаль! - ужо занадта позна. Прычыны гэтага "занадта позна" я хаваў у сакрэце, ведаючы, што ў ложак лепш за ўсё класцiся ахiнутым у таямнiцу. Зрэшты, я настолькi ўжываўся ў ролю, што, у пэўным сэнсе, сам ужо верыў у тое, што кажу. Не дзiва, што i мае партнёркi нарэшце пачыналi весцi сваю партыю з вялiкiм натхненнем. Найбольш чуллiвыя iмкнулiся мяне зразумець, i гэтае iмкненне прыводзiла iх да сентыментальнай меланхолii. Другiя, задаволеныя тым, што я паважаю правiлы i далiкатна пачынаю з словаў, самi неадкладна пераходзiлi да канкрэтных дзеянняў. Я ж кожны раз выйграваў двойчы, бо не толькi наталяў сваё жаданне, але i, пераканаўшыся ў сваёй уладзе над жаночаю душою, яшчэ больш умацоўваўся ў любовi да сябе.
Усё было менавiта так, i нават калi некаторыя жанчыны не прыносiлi мне вялiкага задавальнення, я ўсё роўна стараўся час ад часу аднавiць з iмi сувязь, на што мяне, безумоўна, штурхала не толькi жаданне асвяжыць былыя пачуццi пасля доўгай разлукi, але i iмкненне праверыць, што повязi, якiя злучалi нас, яшчэ жывуць i адно ад мяне залежыць, жыць iм далей цi не. Часам я нават прымушаў iх прысягнуць, што яны не будуць належаць нiкому, апроч мяне, i рабiў гэта толькi дзеля таго, каб раз i назаўжды адагнаць ад сябе ўсякую падазронасць у сувязi з гэтым. Праўда, нi ў сэрцы, нi ў думках падобных падазрэнняў у мяне не ўзнiкала.
|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|