Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
58 из 117
Не, мiлы дружа, наадварот - мы даём ёй поўную свабоду. I таму - лепш ужо нам гэтага не бачыць. Апроч таго, мы рызыкуем пачуць, чым яны тлумачаць такi наш учынак. Я ведаю, што б сказалi пра мяне: "Ён забiў сябе, таму што не мог вытрываць, калi..." Не, мiлы дружа, у людзей усё-ткi вельмi беднае ўяўленне. Яны заўсёды думаюць, што прычына ў самагубства - адна. Але ж у яго можа быць дзве прычыны! Такое ў галаву iм чамусьцi не прыходзiць. Дык навошта тады памiраць па сваёй волi? Навошта прыносiць сябе ў ахвяру той нерэальнай думцы, што пасля вашай смерцi пра вас будзе складзена менавiта такое ўяўленне, якога хочаце вы? Ды як толькi вы памраце, усе скарыстаюцца гэтым, каб надаць вашаму ўчынку сама бязглуздыя цi пошлыя матывы. I таму, мiлы дружа, вялiкiм пакутнiкам трэба выбiраць нешта адно: або каб пра iх смерць адразу забылi, або каб пачалi з яе кпiць, або каб выкарысталi з пэўным намерам. Але каб яе зразумелi - нiколi!
I потым, не будзем хавацца ад праўды, - я люблю жыццё, i ў гэтым мая галоўная слабасць. Я люблю яго настолькi, што нават не магу ўявiць, што адбываецца па-за яго межамi. У такой празе да жыцця ёсць, напэўна, нешта плебейскае, вы не лiчыце? Арыстакраты заўсёды ўмелi глядзець на сябе i сваё жыццё крыху збоку. Калi гэта было трэба - яны памiралi, iх хутчэй можна было паламаць, нiж сагнуць. А я - не, я гнуся, бо мне падабаецца жыць i так. Дарэчы, што, вы думаеце, сталася са мной пасля ўсяго, што я вам расказаў? Вы думаеце, я адчуў да сябе гiдлiвасць? Кiньце! Я адчуў гiдлiвасць да iншых.
|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|