Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
60 из 117
З той пары я да ўсiх стаўлюся з недаверам: раптам нехта заўважыць, што ў мяне ранка? Усё! Тут мне i капцы - зжаруць разам з трыбухамi.
Мае адносiны з людзьмi знешне заставалiся такiя ж, як i раней, але неўпрыкмет пачалi разладжвацца. Мае сябры не перамянiлiся. Яны i цяпер пры выпадку маглi пахвалiцца, што побач са мной iх агортвае пачуццё гармонii i трывалай надзейнасцi. Але сам я адчуваў толькi беспарадак i блытанiну ў сваёй душы; мне здавалася, што мяне абяззброiлi, выставiлi на суд перад публiкай. Людзi ўжо не былi для мяне той пачцiваю аўдыторыяй, да якой я даўно прызвычаiўся. Кола, цэнтрам якога я быў; распалася, i ўсе сталi ў адзiн рад як суддзi на судовым пасяджэннi. З той хвiлiны, калi я адчуў, што ўва мне таксама ёсць нешта падсуднае, я зразумеў, што ў другiх жыве неадольная прага судзiць. Як i раней, яны былi побач - але яны смяялiся. Мне пачало здавацца, што кожны глядзiць на мяне з прыхаванай усмешкай. I нарэшце я ўбiў сабе ў галаву, што ўсе толькi i думаюць, як бы падставiць мне нагу. I я сапраўды два цi тры разы спатыкаўся, уваходзячы ў людныя месцы, хоць гэтаму не было нiякай прычыны. А аднойчы нават упаў. Праўда, хутка я ўзяў сябе ў рукi i, як i належыць французу-картэзiянцу, прыпiсаў усе гэтыя здарэннi зразумелай кожнаму боскай волi, iначай кажучы - выпадку. Але недавер ува мне ўсё ж застаўся.
Цяпер, калi ў мяне абвастрылася ўвага, я без цяжкасцi пачаў прыкмячаць сваiх ворагаў. Спачатку - сярод таварышаў па службе, пасля - сярод свецкiх знаёмых. Некаторым я калiсьцi зрабiў паслугу, другiм мусiў бы зрабiць, але не зрабiў.
|< Пред. 58 59 60 61 62 След. >|