Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
59 из 117
Безумоўна, я ведаў, у чым мае хiбы, i бедаваў над iмi. Але па-ранейшаму з пахвальнай упартасцю iх забываў. Затое я нiколi не забываўся асудзiць у душы iншых. Вас, напэўна, гэта шакiруе? Вы, напэўна, думаеце, што тут няма нiякай логiкi? Але праблема зусiм не ў тым, каб усё было лагiчна. Праблема ў тым, каб увiльнуць, выслiзнуць i галоўнае - сама галоўнае! - унiкнуць прысуду. Я не кажу: унiкнуць пакарання. Бо пакаранне без прысуду знесцi не так ужо цяжка. У яго, дарэчы, даволi бяскрыўдная назва, якая гарантуе вашу бязвiннасць: няшчасце. Таму галоўнае - менавiта пазбегнуць прысуду, зрабiць усё, каб прыгавор нiколi не быў вынесены.
На жаль, зрабiць гэта не вельмi проста. Судзiць цяпер усе навучылiся гэтак жа добра, як i юрыць. З тою рознiцай, што, калi судзiш, за вынiкi можна не баяцца. Вы ў гэтым сумняваецеся? Тады паслухайце, пра што кажуць за столiкамi ў летнiх гатэлях, куды нашы шаноўныя суайчыннiкi прыязджаюць лячыцца ад нуды. Калi вам гэтага будзе мала, каб прыйсцi да пэўнай высновы, - пачытайце, што пiшуць нашы сучасныя маралiсты. Цi паназiрайце, што робiцца ў вашай сям'i, ужо гэта вас нечамусь навучыць. Дарагi дружа, не трэба даваць iм нiякай зачэпкi нас асудзiць, нават сама маленькай! Iначай яны раздзяруць нас на шматкi. Мы павiнны быць пiльныя, як дрэсiроўшчык. Уявiце сабе, што здарыцца, калi ён, перад тым як увайсцi ў клетку, на няшчасце парэжацца лязом? Вось дзе будзе слаўны банкет драпежнiкам! Я гэта сцямiў даўно - яшчэ тады, як у мяне ўзнiкла падазрэнне, што я не такi ўжо бездакорны.
|< Пред. 57 58 59 60 61 След. >|