Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
61 из 117
Але ва ўсiм гэтым, увогуле, не было нiчога незвычайнага, i маё адкрыццё не вельмi мяне засмуцiла. Больш балюча i цяжка мне было дапусцiць, што ў мяне ёсць ворагi сярод тых, каго я амаль не ведаў цi не ведаў наогул. Раней, са сваёю звычайнай наiўнасцю, у якой вы маглi ўжо пераканацца, я меркаваў, што варта чалавеку пазнаёмiцца са мною блiжэй i ён адразу мяне палюбiць. Але ж не! Больш за ўсё ворагаў я сустракаў якраз сярод тых, хто ведаў мяне толькi па чутках i пра каго сам я нават не чуў. Безумоўна, яны падазравалi, што я жыву поўным жыццём, лунаю ў воблаках шчасця, - а такое не даруецца нiколi. Удачлiвы выгляд, асаблiва калi ў iм праглядвае саманадзейнасць, здольны раз'юшыць нават асла. У мяне ж жыццё было сапраўды настолькi ўдачлiвае i поўнае, што праз нястачу часу я мусiў адмаўляць многiм, хто набiваўся мне ў прыяцелi. Па гэтай самай прычыне я вельмi хутка iх забываў. Але ў людзей, якiя набiвалiся ў прыяцелi, жыццё было не такое поўнае, i ў iх заўсёды ставала часу, каб памятаць пра маю адмову.
Такiм чынам, ужо з аднаго гэтага прыкладу вiдаць, што жанчыны каштавалi мне дорага. Час, якi я iм прысвячаў, быў назаўжды страчаны для мужчын, i яны даравалi мне гэта вельмi рэдка. Як тут знайсцi раду? Шчасце i поспех даруюцца вам толькi тады, калi вы гатовы iмi шчыра падзялiцца. Але каб быць сапраўды шчаслiвым, немагчыма ўвесь час клапацiцца пра iншых. Выходзiць, выйсця няма. Або шчаслiвы i асуджаны - або бязгрэшны i няшчасны. Аднак у маiм выпадку ўсё было яшчэ болей несправядлiва: мяне судзiлi за даўно мiнулае шчасце.
|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|