Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
93 из 117
Але, на шчасце, прыйшоў я! Я - канец i пачатак усяму, я - той, хто абвяшчае закон! Бо я - суддзя-пакаяльнiк.
Вось так. А пра тое, з чаго складаецца гэта прыемная прафесiя, я раскажу заўтра. Паслязаўтра вы ад'язджаеце? Што ж, трэба спяшацца. Прыходзьце да мяне, добра? Пазвонiце тры разы. А куды вы едзеце? Назад, у Парыж? Парыж... Прыгожы горад, i такi далёкi. Але я не забыў. Я часта прыгадваю парыжскае сутонне, прыкладна такой вось самай парой. Спускаецца вечар, сухi i хрусткi, стрэхi захiнаюцца сiняй смугой, горад глуха бурчыць, i здаецца, што Сена паскарае свой бег. Я любiў у гэты час бадзяцца па вулiцах. Цяпер там ходзяць другiя, я ведаю! Яны робяць выгляд, нiбыта спяшаюцца, хто да стомленай жонкi, хто ў сваю непрытульную хату... Ах, мiлы дружа, цi ж вы ўяўляеце, што такое самотнiк на вулiцах вялiкага горада?..
Мне вельмi няёмка, што я вымушаны прымаць вас у ложку. Але не хвалюйцеся, нiчога сур'ёзнага, так - крыху трасе. Галоўнае - ёсць ядлаўцоўка, бо яна лепей за ўсякiя лекi. А да прыступаў я прывык. Малярыя, ведаеце. Я падхапiў яе яшчэ тады, як быў папам. Праўда-праўда! Калi я i жартую, дык толькi напалову. Я знаю, што вы падумалi: "Хто яго разбярэ, дзе ў яго праўда, а дзе выдумка". Што ж, вы маеце рацыю. Я i сам часам... А ведаеце, адзiн мой знаёмы падзяляў усiх людзей на тры катэгорыi: тых, хто гатовы нiчога не таiць, абы толькi не хлусiць; тых, хто часам гатовы схлусiць, каб што-небудзь стаiць; i, нарэшце, тых, хто любiць i хлусiць, i мець сакрэты адначасова. Мяркуйце самi, пад якую катэгорыю я падыходжу лепш.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|