Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
92 из 117
Мы ўсе, кожны на свой мярзотны манер, - падобныя да Хрыста, i ўсiх нас, аднаго за адным, распiнаюць на крыжы, хоць мы так i не ведаем, за што. Можа, так бы яно заўсёды i было, каб не я, Жан-Батыст Кляманс! Я знайшоў адзiную раду, адзiнае выйсце - карацей кажучы, адзiную i бясспрэчную iсцiну...
Але не бойцеся, мiлы дружа, я змаўкаю. I дарэчы, нам пара ўжо развiтацца, мы каля майго дома. Ды вы не здзiўляйцеся, на самоце, ды яшчэ пры такой вечнай стоме любы можа палiчыць сябе за прарока. Вось я i палiчыў. Ну а што, чым не прарок у пустынi - сярод гэтых туманаў, камення i заброснелых вод? Iлля без месii, марны прарок нiкчэмнай эпохi, атручаны трункамi i лiхаманкай, стаю, прытулены спiнаю да абточаных цвiллю дзвярэй з уткнутым у хмурнае неба пальцам, i сыплю праклёны на галовы людзей, што не ведаюць закону i не хочуць прымаць нiякага прысуду. А людзi, мiлы дружа, людзi сапраўды - арганiчна яго не прымаюць, вось у чым праблема. Прысуду не баiцца толькi той, хто пагаджаецца з законам, бо тады ён верыць у жыццё, да якога яго асуджаюць. А калi такога закону няма, любы прысуд - беззаконны, i пачуць яго - сама страшная пакута. На жаль, у такiх пакутах мы i жывём. Парваўшы свае прыродныя путы, суддзi нiбыта сарвалiся з ланцуга i кусаюць, кусаюць усiх, налева i направа. Як уратавацца? Адзiнае выйсце - кусаць хутчэй, чым яны. I вось пачынаецца вялiкая валтузня. Прарокi, збавiцелi лезуць з усiх бакоў, i кожны спяшаецца: хутчэй бы працiснуць свой - сама лепшы! - закон, хутчэй бы наладзiць сама бездакорны грамадскi лад - толькi б паспець, пакуль зямля яшчэ не збязлюдзела.
|< Пред. 90 91 92 93 94 След. >|