Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
161 из 228
Малады абарванец ужо сядзеў i вяла вадзiў навокал сябе вачыма. Ракуцька, здавалася, забыўся пра яго: стаў неспакойны i не сыходзiў з дарогi. Нават раз ён шаптаў сам сабе: "Дзесяты дзень, жартачкi! I няма". I вось зноў настаў момант: нехта шпарка i шумна iшоў дарогаю. Ракуцька застыў на месцы. Расчырвонены i спацелы падарожнiк неўзабаве быў тут. Ракуцька шпарка рушыў яму насустрач, i яны iмклiва абнялiся. Гэта быў Тамаш. Ён быў у ботах i пiнжаку паверх рубашкi, i торба з хлебам вiсела на яго левай руцэ.
- Я дзесяць дзён усё стаю на гэтым месцы, - сказаў Ракуцька. - А цябе доўга не было.
- Бо мне было нялёгка дабiцца пад Перабродскую Злыбяду. Там густа нямецкiя гарнiзоны стаяць i на дарогах варты многа, дык я такога даваў кругу, што ўтройчы дарога мая пабольшылася.
- Ну што, як там?
- Гэта праўда, што там лагер для забраных немцы зрабiлi. Кажуць, што ў лагеры пяць тысяч людзей, але цяпер менш, бо нядаўна, можа, больш як палавiну пагналi недзе на работу. А хiба льга дазнацца - асталася яна ў лагеры цi на рабоце? Я падбiраўся пад самы лагер. Уночы я ляжаў у траве i глядзеў на калючую загарадзь. Калi iсцi з поўдня, то льга праз купiсты торф падысцi цiхом, i нiхто не заўважыць. Там бадзяюцца людзi: у таго жонка, а ў тае муж у лагеры. Ну добра. Я туды зноў вярнуся, мяне чакаюць. Я iм расхвалiў удачу, калi толькi гэта праўда, што з гэтага боку варушацца людзi.
|< Пред. 159 160 161 162 163 След. >|