Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
159 из 228
Ён прылiп да вялiкай бярозы над дарогаю, сярод такiх жа вялiкiх хвояў i пачаў углядаццатуды, адкуль чуўся чалавек. Дзень быў ужо ў самай сiле. А ўдзень, калi цiха, у лесе здалёку чуваць. Так што гэтаму чалавеку прыйшлося доўга чакаць, пакуль наблiзiўся той, хто недзе тут iшоў. З-за свайго дрэва Ракуцька ўбачыў незнаёмую яму постаць дзiўнага выгляду. Гэта быў малады чалавек з парыжэлымi ад сонца валасамi на галаве i палупленай ад ветру скурай на твары. Ён быў такi бледны, што яго не брала загара, i такi худы, што адзежына на iм матлялася як на калу. А iшоў ён так павольна i так яго вадзiла ў бакi, што льга было думаць, што ён некалькi тыдняў нiчога ў рот не браў або яго месяц мучылi i спаць не давалi. Ён вяла, як не свае, перастаўляў ногi i прысутульваўся iдучы. На твары яго было напiсана гэтулькi абыякавасцi да ўсяго навакольнага i да ўсiх мэт, калi яны былi ў яго, што было падобна, што ў яго навек патухлi ўсе жаданнi i iмкненнi. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага i пачаў трацiць сваю ранейшую ажыўленасць. Ён хутчэй дзiвiўся, чым трывожыўся, або ўзбуджваўся. Ён стаяў i чакаў, пакуль невядомы падыдзе блiзка, каб цiха гаварыць з iм, а не крычаць яму здалёку. А той, пакуль прыклыбаў да вялiкай бярозы, Ракуцька паспеў даесцi хлеб i скруцiць у жмут пустую торбу.
- Стой, хто? - рашуча сказаў Сымон Ракуцька i толькi цяпер заўважыў, што адзежа на маладым незнаёмцу ўся матляецца шматкамi, зiхацiць дзiрамi i што голае цела паблiсквае праз дзiры. I нiводная дзiра нiдзе не латалася, i ўсе гэтыя транты вывалены ў зямлi i выфарбаваны ў колеры зяленiва i лясной цвiлi.
|< Пред. 157 158 159 160 161 След. >|