Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
171 из 228
- На i ты жуй, выварак чартоўскi!
Сонца яшчэ не дайшло да паўдня, як Акаловiч папрасiўся ў Ракуцькi, каб той дазволiў яму ляжаць. Ракуцька кiўнуў галавой. Акаловiч быў, мусiць, вельмi абыякавы да свайго стану, бо, як толькi лёг, адразу заснуў, зноў носам у ствол паваленага дрэва. Ракуцька паглядзеў на яго i сеў каля свае торбы. Чалавек, якi доўга быў толькi сам з сабою, можа мець прывычку гаварыць сам сабе. Сымон Ракуцька мыляў губамi i шаптаў сабе пад нос:
- Як сонца нiжэй сплыве - пайду ў дарогу, каб iсцi да позняй ночы. А што з гэтым безгалоўным прайдзiсветам рабiць, перуны яго ведаюць. Можа застрэлiць падлу?.. - Ракуцька абмацаў свой рэвальвер i ўбачыў, што Акаловiч спiць, як улiплы ў зямлю. Ракуцька паглыбiўся ў свае думкi i сцiшыўся. Лёгкая дрымота агарнула яго, а пасля ён i прыснуў трохi. I можа нават больш як трохi, бо, прахапiўшыся, убачыў, што сонца ўжо куды нiжэй стаяла. Шпарка ўстаў ён i з раптоўнай трывогай убачыў, што торбы з хлебам каля яго не было. Машынальна кiнуў ён вачыма да паваленага дрэва. Нiякага там Акаловiча таксама не было, адно прымятая трава сведчыла, што на ёй ляжаў чалавек. Ракуцька ўтрупянеў. Азiрнуўшыся на ўсе бакi, ён у момант сабраўся ў сваю дарогу. Месца гэтае асталося пустое i аставалася так, можа, больш за тыдзень. За гэтыя днi з бярозы нападала на дарогу многа жоўтых лiсткоў. Кожны раз надвечар, калi яснае сонца перад захадам сваiм прабiвалася праз вяршалiны лесу i свяцiла на дарогу, жоўтае лiсце вельмi яскрава выбiвалася з зялёнага колеру травы.
|< Пред. 169 170 171 172 173 След. >|