Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
173 из 228
Паважна гэтая пара выйшла на пляц перад ганкам Баранавiцкага вакзала, i ён некалькi разоў пiльна азiрнуўся, а да яго ўжо iшоў з роўнай выпраўкай плячысты i разам з тым тонкi ў стане, з вясёлым тварам, i, здаецца, вельмi жыццярадасны чалавек у вайсковай форме, але, можа, ён i не быў чыстым вайскоўцам, бо некалькi чалавек цывiльных чыноўнiкаў абкружвала яго. Iшла за iм i вайсковая ахова - салдаты з аўтаматамi i з iншаю зброяй. Гэта быў нейкi паважны чын, з усяго было вiдаць. Ён подбегам падышоў да таго, каго Гертруда звала Густавам, i яны абнялiся i пацалавалiся. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сцiснутых губах абняла санавiтага чалавека i назвала яго таксама Густавам. А той адказаў старой жанчыне доўгiм пацалункам i пад руку падвёў яе да машын, што стаялi з левага боку ад ганка. Ён пасадзiў Гертруду i Густава ў адну з машын, i побач шафёра сеў аўтаматчык. Сам ён з двума аўтаматчыкамi сеў у другую машыну. Гэтыя дзве машыны пайшлi следам за трыма грузавiкамi з салдатамi, а за iмi пайшлi яшчэ тры грузавiкi з салдатамi. Так усе гэтыя паязджане выехалi з Баранавiч на Сiняўку i далей проста iмчалiся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Ехалi яны доўга без прыпынку i толькi спынiлiся на Вялiкiм скрыжаваннi. Пакуль шафёры правяралi машыны i надзiмалi шыны, Густаў старэйшы высунуўся з машыны i ўглядаўся ў вялiкае дрэва. На твары яго ляжала пячаць здзiўлення, напружання думак i як бы смутку, але пасля твар яго запаланiла рыса ўпэўненасцi, спакою i разам з тым цiкаўнасцi i халоднай разважлiвасцi. Было падобна, што на яго найшло многа жыццярадаснай самаўпэўненасцi ад санавiтага Густава маладзейшага, якi ў гэты час праходжваўся па шашы, а пасля падышоў да старэйшага Густава. Зноў, як на Баранавiцкiм вакзале, пачулася памiж iмi нямецкая мова. Маладзейшы Густаў гаварыў так, быццам захлёбваўся. Старэйшы гаварыў спакайней.
|< Пред. 171 172 173 174 175 След. >|