Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
225 из 228
Цяпер ужо слова "Сумлiчы"пранiзвала яго вострым болем i смуткам аб нечым навек страчаным i апаганеным. Ахоплепы дзiкай думкай, ён рушыў у брукаваную паваротку. Каля Сумлiч жанчына везла воз дроў. У першай сумлiцкай вулiцы дзяўчынка несла вядро вады. Яна азiрнулася на прысутуленую дзiўную постаць, якая ледзьве грабла нагамi. Стаялi дрэвы без лiсця, i дым iшоў з аднаго комiна. Тут жылi людзi. Шрэдэр падышоў да дзяўчынкi. Ламанай мовай ён сказаў:
- Гэта Сумлiчы?
- Сумлiчы.
- А немцаў не чуваць тут?
- А ты хто?
- Чэх.
- Немцаў няма, тут нашы. Пасля таго як па шашы пачалi душыць немцаў, дык яны сюды i носа не ткнуць. Трасцы!
- Партызаны ўсюды?
- Немцы толькi па гарадах асталiся.
Зноў адчай i трывога выгналi з Шрэдэравай душы нядаўняе жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова. Тут падышла другая дзяўчынка, i новае пачуццё ажыло ў Шрэдэра. Гэта быў страх. А страх пачаў зменьвацца слабасцю волi i думкi. Аднак жа думка яго працавала даволi цвёрда. Разам з тым зноў пачало варочацца да яго iмкненне да чалавечага слова кожнаму, хто натрапiцца на яго дарозе. Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: "Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты i слава фюрэра?" То хацелася сказаць: "Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!" - i цалаваць гэтых дзяўчынак.
- Гэта чэх, - сказала дзяўчынка з вядром той, другой, якая толькi што падышла.
- Дык чаго ж ты стаiш, - сказала Шрэдэру новая дзяўчынка.
|< Пред. 223 224 225 226 227 След. >|