Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
73 из 228
Пасля - ужо з тых жа самых дзён, ён паглыбiўся ў шчасце жыць тут, дзе жыў з малых iмаладых год, i займацца тым, да чаго праз усе апошнiя цяжкiя гады iмкнулася яго душа. Здавалася, што ён не заўважаў хады часу. Усё былое аддалялася ў вечнасць i ўжо здавалася сном. За кароткi час сышла з яго твару тая змучанасць, якую ён нёс сюды з свайго вандравання па чужой зямлi. I тыя чужацкiя неданоскi - i нямецкiя нагавiцы, i польская канфедэратка - ужо з'ядалiся моллю ў глухiм застрэшшы. За кароткi час ён ажыў. Выслухоўваючы ад Кастуся i Волькi сумнае апавяданне аб тым, як яны жылi тут, ён успрымаў яго як прошласць, якая ўжо больш не iснуе i iснаваць не будзе. I думкамi сваiмi не быў у мiнулым. Ён жыў тым, што было i iшлося. Так незаўважна прыйшла пара, калi з Кастусём яны скончылi новы дом, а калiсьцi пасаджаны Кастусём клянок даваў улетку ўжо вялiкi цень. I гэтак усё адно за адным, цiха i роўна. I толькi раз ён як бы страсянуўся ад нечаканай думкi: як бязлiтасна iмчыцца час! I колькi ён ужо адкiнуў назад усяго, што было i цяжкiм, i страшным! У тую хвiлiну ён больш як калi ўглядаўся ў сваю Волечку: рослая, мажная, шчырая сяброўка Кастуся Лукашэвiча, мала падобнага ўжо да таго выгнанскага хлопца, што хаваў тут свайго бацьку i вазiў хворага немца, яна стаяла раз пасярод двара ў задуме. Прыйшла пара i ёй аддаць жыццю самае вялiкае i важнае: яна была цяжарная. Нявада пачаў наглядаць за ёю i ўсё чакаў.
Хоць i даўно ўжо жылi ў новым доме, але ён меў прывычку часамi начаваць у старой хаце, пакуль яна яшчэ стаяла.
|< Пред. 71 72 73 74 75 След. >|