Рэквием для бензапилы (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир

Страница: 8 из 23

Гэтаму немагчыма было даць веры, але наш настаўнiк, сеўшы за стол, заплакаў, размазваючы кулакамi слёзы, i мы, здагадаўшыся, што ён п'яны, амаль паверылi ў неверагоднае. А неўзабаве гiсторыка - за п'янства цi за такiя ўспамiны - выгналi са школы, i ён уладкаваўся грузчыкам у прадуктовай краме насупраць, дзе канчаткова спiўся.

Але пры чым тут Юрка Весялоў? - можаце запытацца вы.

А пры тым, што i ён прыехаў у Полацак з Гусь-Хрустальнага, аднак быў памiж сваiмi супляменнiкамi сапраўднай белай варонай.

Дзеля пачатку адзначу, што, у адрозненне ад iншых "гусей", бацькi не вызвалiлi яго ад беларускай мовы. Атрымаць вызваленне ў тыя часы было гэтаксама проста, як купiць у летамцы порцыю малочнага марозiва за дзевяць капеек: адны нарадзiлiся ў сем'ях вайскоўцаў; другiя - у прыгарадных вёсках, ды чамусьцi ў дакументах пiсалiся расейцамi; трэцiя лiчылiся беларусамi, але, на думку бацькоў, так моцна стамлялiся на iншых уроках, што на беларускую мову ўжо не мелi нiякае змогi. У нашым класе з трыццацi вучняў мову вывучалi ўсяго восем чалавек i сярод iх - Юрка Весялоў, якi доўга не мог асвоiць "ў" i старанна вымаўляў "кавнер" i "наставнiк".

За прысутнасць на ўроках мовы Окарак i кампанiя пагардлiва ахрысцiлi Юрку "колхозником". Гэта была не адзiная прычына нялюбасцi. Калi "гусi" падбiралi ключы да аптэкi i дзялiлi на траiх 56 рублёў, Весялоў чытаў Конан Дойла i Праспера Мерымэ. Мiж iншым, ён, Юрка, як i я, меў да Окарка даўнi рахунак, i мне здаецца, што тады, у летнiку, пад ледзяной вадою са шлангаў першы закрычаў "фашысты!" менавiта ён.

Я не скажу, што мы з iм сябравалi.

|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]