Рэквием для бензапилы (на белорусском языке) :: Орлов Владимир
Страница:
7 из 23
Там "гусi" зноў вызначылiся. Iх каларытнае трыо - шыракаплечы бамбiза Гарачоў, цыганiсты Окарак i шпiнгалет Байцоў - дружна заняло самыя далёкiя ад учотчыка разагнаныя камбайнам барозны i выканала норму сабраных вёдзер удвая хутчэй за астатнiх. Сакрэт гэткiх дасягненняў праз пару дзён быў раскрыты: кожны з "гусей" выпiлаваў з фанеры да свайго вядра другое дно.
У тым самым восьмым класе маладзенькая i схiльная без дай прычыны аблiвацца малiнавай чырванню настаўнiца гiсторыi атрымала на ўроку цыдулку з прапановаю спаткацца ўвечары на школьным гарышчы. Каб у яе не заставалася непатрэбных пытанняў наконт мэт сустрэчы, запрашэнне суправаджалася некалькiмi малюнкамi. Праведзенае класным кiраўнiком расследаванне не дало анiякiх вынiкаў, калi не лiчыць прысланы настаўнiцы праз пошту лiст з абяцаннем зашыць "пiську" i адрэзаць "сiськi". Я не ўяўляў, што можна было ў нашай гiстарыхi адрэзаць, аднак не сумняваўся: тут замяшаны Окарак.
Сюжэт з гарышчам i сiськамi скончыўся тым, што ў нас з'явiўся новы гiсторык. Аднаго разу ён прыйшоў на ўрок з незашпiленым прарэхам, а аднойчы, калi мы праходзiлi Вялiкую французскую рэвалюцыю, знячэўку пачаў апавядаць пра блакаду Ленiнграда: як там елi людзей i як ягоная сям'я выжыла толькi таму, што бабуля працавала ў Смольным прыбiральшчыцай i ёй дазвалялi забiраць са сталоў i сметнiц надкусаныя лусцiкi з iкрой, скрылiкi вэнджанай кiлбасы, цестачкi ды iншыя абкамаўскiя недаедкi.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|