Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 5 из 31

З-за той справы, пра якую тут не месца ўспамiнаць, з-за той асабовай нашай справы вы робiце на мяне паход, перавёўшы ўсё на партыйную, на грамадскую, на савецкую, на рэвалюцыйную, на ўсялякую, якую сабе хочаце, лiнiю. Што ж вы робiце з самiм разуменнем рэвалюцыi?! Што вы зрабiлi ўжо? У што вы ператварылi яго?!

У сваiм паклёпе на мяне, якi вы надрукавалi сёння ў газеце, вы гаворыце: "...Вiктар Лукашэвiч даўно вядомы як варожы нам элемент. На адкрытым пасяджэннi н-скага мясцкома перад усiмi работнiкамi прадпрыемства выступiў з сваёю контррэвалюцыйнаю прапановаю. Ён прапанаваў зусiм к святу не ўпрыгожваць клуба, святочнай вечарынкi не ладзiць. I сваiм гэтым выступленнем баламуцiў сход, так што аж некаторыя галасавалi ў яго руку. I толькi дзякуючы старшынi мясцкома Марынковiчу ўдалося правалiць гэтую прапанову, якая iмкнулася да таго, каб зусiм не было адзначана пралетарскае свята i каб рабочыя глядзелi на гэты дзень без павагi... Такiх лукашэвiчаў у нашай працоўнай сям'i не трэба. Iх трэба гнаць у шыю". От што вы пiшаце.

...Вы гатовы душыць усё маладое, дзейнае, абы самiм утрымацца ў ролi "начальства". Гэта ўжо ўрода ваша гэтакая. I са мною вы зводзiце асабовыя справы, спекулюючы справамi грамадскiмi..."

2. Запiскi

- Ты пасядзi каля яе, мусiць, ёй лепш, калi хто каля яе сядзiць. Сёння зранку i папаўднi, калi яна ляжала адна, дык усё спакою не мела. Хацела падняць галаву, вадзiла па хаце вачыма i нешта губамi шаптала. Але нiчога разабраць нельга i не чуваць.

-У яе i мову адабрала?

- Не гаворыць ужо дзён пяць. Каторы ўжо дзень слова ад яе не чулi... Ты пасядзi тут, у яе ў галавах. А як пачне цямнець, запалi лямну, у кухнi на акне стаiць.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]