Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
3 из 31
Але вы гэта сябе лiчыце рэвалюцыяй, i ўся ваша "рэвалюцыйная" дзейнасць накiравана на тое, каб гэтая прымаўка гучала на свеце так: "Можна нам усiм жыць i рэвалюцыянера Марынковiча хвалiць". Толькi не для мяне гэтая прымаўка! Я не хачу нiкога хвалiць i не хачу, каб мяне хто хвалiў. На алялюях далёка не заедзеш. Каб я хацеў займацца тратай часу, я мог бы разварушыць i вашу асобу, калупнуць ваша жыццё. Тады паглядзелi б, як бы запахла.
Перад вамi я не апраўдваюся, але патрабую сказаць выразна - у чым жа мая контррэвалюцыйнасць? Няўжо ў тым, што я прапанаваў зусiм не тое, што хочаце вы? Амбiцыя?! Хацеў сарваць ваша i правесцi сваё? Дык што ж, калi я меншы "начальнiк", дык перад вамi не маю голасу? Мне забаронена думаць? Але ж я ўпэўнены, што вы i самi не гэтак думаеце, самi для сябе. Але вам трэба была прычапка, каб памсцiцца мне, каб выжыць мяне адгэтуль. I што ж тады? Тады ўжо нiхто нiколi не будзе перашкаджаць вам, падфарбаваўшыся ў чырвоны колер, прыкрыўшыся рэвалюцыйнымi лозунгамi, сесцi сваiм шырокiм задам на ўсялякую жывую справу. I сядзець так, паводле вашага ж уласнага, нi то жартаўлiвага, нi то сталага, выслоўя: "Як Бог у нiрване". Я каб быў карыкатурыстам, я намаляваў бы вас у нiрване. Як-небудзь паказаў бы шмат усяго жывога, дзейнага, маладога, радаснага. I на ўсiм гэтым паважна супачывае шырокi зад.
Я не магу больш быць спакойным. Шырокаму заду я не дамся. Я моцны, раны мае пасля вайны з палякамi ўжо зажылi, i я зноў гатоў да паходу. I ў паход iду супраць хатняга шырокага зада.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|