Тамтэй (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 14 из 31



Напалоханыя жанчыны ўсхапiлiся: "Досыць! Даволi! Хопiць!"

Але доктар загадаў: "Заўтра вы ўстанеце а восьмай гадзiне, пойдзеце ў гатэль да вашага кузена i папросiце, каб ён вам пазычыў пяць тысяч франкаў, якiя чакае ад вас муж i якiя ён ад вас патрабуе на сваё чарговае падарожжа". Пасля ён яе абудзiў.

Вяртаючыся ў гатэль, я думаў пра гэты дзiўны сеанс, i мяне апаноўвала сумненне. Маёй кузiне я верыў, бо ведаў яе з дзяцiнства, i яе выключная сумленнасць была вышэйшая за ўсе падазрэннi, а вось доктар, магчыма, быў махляром. Цi не схаваў ён у руцэ ў кузiны, калi яна спала, акрамя вiзiтнай карткi яшчэ i люстэрка? Прафесiйныя фокуснiкi здатныя яшчэ i не на такое.

Я вярнуўся i лёг спаць.

А ўранку, а палове дзевятай, слуга пабудзiў мяне i сказаў:

- Панi Сабле хоча неадкладна з вамi пагаварыць.

Я хутка адзеўся i сустрэў яе. Яна села. Вельмi хвалюючыся, апусцiўшы вочы, не здымаючы вуалi, яна сказала:

- Мой дарагi кузен, я прашу зрабiць мне вялiкую ласку.

- Якую, мая кузiна?

- Мне вельмi няёмка вам пра гэта казаць, i ўсё ж трэба. Мне патрэбныя, вельмi патрэбныя пяць тысяч франкаў.

- Вам?

- Ага, мне цi, правiльней, майму мужу, гэта ён папрасiў мяне iх знайсцi.

Я быў так уражаны, што здолеў толькi нешта прамармытаць у адказ. Цi не насмiхаюцца яны з мяне разам з гэтым доктарам Паранам, можа, усё гэта звычайны жарт, падрыхтаваны загадзя i вельмi добра праведзены.

Але калi я ўважлiва на яе паглядзеў, усе мае сумненнi развеялiся.

|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]