Тамтэй (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 16 из 31



Я спытаўся:

- Цi памятаеце вы, што адбылося ў вас учора?

- Памятаю.

- Памятаеце, як доктар Паран вас усыпiў?

- Памятаю.

- Дык вось, ён загадаў, каб вы прыйшлi сёння ранiцай пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў, i ў гэты момант вы дзейнiчаеце пад гiпнозам.

Яна трошкi падумала i адказала:

- Але гэтыя грошы патрэбныя майму мужу.

Цэлую гадзiну я спрабаваў яе пераканаць, але не здолеў.

Калi яна пайшла, я пабег да доктара. Ён выйшаў да мяне i выслухаў з усмешкай. Пасля спытаўся:

- Цяпер вы верыце?

- Напэўна, веру.

- Хадземце да вашай кузiны.

Яна, стомленая, драмала ў шэзлонгу. Лекар намацаў пульс, паднёс руку да яе вачэй i нейкi час глядзеў на яе. Яна павольна заплюшчыла вочы, скарыўшыся непераможнай магнетычнай сiле.

Як толькi яна заснула, доктар сказаў:

- Вашаму мужу больш не патрэбныя пяць тысяч франкаў. Забудзьцеся, што прасiлi вашага кузена пазычыць iх, а калi ён вам пра гэта нагадае, вы нiчога не зразумееце.

Пасля ён абудзiў яе. Я выцягнуў з кiшэнi бумажнiк:

- Вось, мая дарагая кузiна, тое, што вы ў мяне прасiлi сёння ранiцай.

Яна так здзiвiлася, што я не наважыўся настойваць. I ўсё ж я паспрабаваў нагадаць ёй пра яе просьбу, але яна ўпарта адмаўляла, думаючы, што я з яе насмiхаюся, i ўрэшце ледзь не раззлавалася.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вось. Я толькi што вярнуўся ў гатэль, але не магу нават есцi - так уразiў мяне гэты эксперымент.

19 лiпеня.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]