Тамтэй (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 18 из 31

Кветка ўзнялася ў паветра, апiсала крывую, быццам нябачная рука паднесла яе да твару, i павiсла ў празрыстым паветры нерухомай жахлiвай чырвонай плямай перад самым маiм тварам.

Без памяцi, я кiнуўся, каб схапiць яе! Але я нiчога не схапiў - яна знiкла. I тады я страшэнна раззлаваўся сам на сябе, бо хiба ж можна, каб разумны i сур'ёзны чалавек меў такiя галюцынацыi.

Але цi была гэта галюцынацыя? Я павярнуўся i стаў шукаць сцябло - хутка я знайшоў: памiж дзвюх кветак, што засталiся на кусце, тырчаў канец толькi што абламанай сцяблiны.

Дамоў я вярнуўся ашаломлены. Бо цяпер я веру, гэтаксама веру, як i ў тое, што дзень змяняе ноч, - побач са мною жыве нейкая нябачная iстота, якая кормiцца малаком i вадой, якая можа дакранацца да рэчаў, браць iх, перасоўваць з месца на месца. Такiм чынам, iстота гэтая з натуры сваёй матэрыяльная, хоць i недаступная нашым пачуццям. I жыве яна пад адным дахам са мною...

7 жнiўня. - Я спаў спакойна. ЁН выпiў ваду з графiна, але не турбаваў майго сну.

Звар'яцеў я цi не? Толькi што я гуляў уздоўж рэчкi, ярка свяцiла сонца. I мяне пачалi браць сумненнi наконт майго розуму - не тыя няясныя сумненнi, як раней, але сапраўдныя, сур'ёзныя. Я бачыў розных вар'ятаў. Ведаў i такiх, што заставалiся разумныя, разважлiвыя i нават прадбачлiвыя ва ўсiх выпадках акрамя аднаго. Яны маглi ясна, умела, з развагай гаварыць на любую тэму, але раптоўна iх розум, быццам натрапiўшы на рыфы вар'яцтва, разбiваўся, рассыпаўся на кавалкi i патанаў у тым страшным, раз'юшаным акiяне, поўным iмклiвых хваляў, туманаў i вятроў, iмя якому - шаленства.

|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]