Тоыстае палена (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
2 из 12
Ды як ёй астыць, скажыце? Пойдзе Паўлюк ранкам даваць каню сена, пападзецца пад ногi палена i лiшнi раз напомнiцьПаўлюку тое тоўстае палена, з-за якога яму Сучынскi звярнуў на каморы дровы. I дзе ён нi павернецца, то ўсюды так цi iначай натыкаецца на праклятае палена. Пойдзе да суседа, там якраз на дрывотнi пiлуюць палена. Зойдзе ў хату, - у хаце суседская жонка, як сумыслу, гаворыць:
- Ото-ж якое тоўстае палена! I ў печ не ўправiш!
Выйдзе Паўлюк на вулiцу, там якi-небудзь сабакар ганяецца з паленам за сабакамi.
Палена, палена i палена! Бадай вы пагарэлi! Як бы на свеце больш i няма нiчога, апроч гэтага палена. А ляжа Паўлюк спаць, перад вачыма так i стаяць палены.
- Ну ж, гад! Не дажджэ тваё лiха! - скрозь зубы цэдзiць Паўлюк i варочаецца на другi бок.
- Мамка! - крычыць дзесь у кутку малы хлопчык, сын Паўлюка: - я скочваюся; цi няма чаго палажыць збоку?
- Злезь, сынок, пашукай каля печы палена i падлажы пад сеннiчок, адзываецца з-пад лахманоў мацi.
Паўлюк сярдзiта варушыцца на пасцелi i стогне, як звязаны стары маркач, якога стрыгуць. А хлопчык ужо шворыцца каля печы.
- Чорт iх ведае, якiя тут палены! - бунтуецца хлопец: - усё нейкiя так плашкi. Каб дзе знайсцi крыху таўшчэйшае.
- Пайшоў спаць! Сну на цябе няма! - не вытрымлiвае Паўлюк i падымае галаву, а сын, узяўшы палена, шыбуе ў запек i грукае паленам на ўсю хату.
Паўлюк успамiнае Сучынскага i ад злосцi скрыгiча зубамi.
- Што ты, Паўлюк, скрыгiчаш? - пытае, лежачы збоку, жонка.
- Нешта, падла, зуб заныў, - лжэ Паўлюк, каб адчапiцца, i варочаецца ад жонкi ў другi бок.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|