Варона (на белорусском языке)   ::   Аркуш Алесь

Страница: 2 из 3

Таму гэта не амбiцыi, калi нехта хоча стаць начальнiкам. Гэта пыха. Вось калi ён iмкнецца вынайсьцi лекi ад AIDSу або намаляваць генiяльную карцiну - гэта амбiцыi. Вызначыць розьнiцу мiж iмi нескладана. Сапраўднае застаецца тваiм назаўжды. Нават пасьля сьмерцi.

Дык вось гэты мастак меў амбiцыi. Ня ведаю, цi меў ён на iх падставы. Бо наўрад цi вы адразу тут i ўзрадавалiся, пачуўшы таямнiцу сапраўднага. Не такiя вы прастакi. Можна мець вялiкiя амбiцыi там, дзе нiчога табе ня сьвецiць. Гэтак найчасьцей i бывае. Вой як ня проста - мець рэальныя амбiцыi.

Мастака завуць Георг. Родам ён з Арменii, але гадоў шэсьць жыве ў Менску. Я меў зь iм працяглую гутарку. Вiдавочна, гэта адукаваны чалавек, ён вольна цытаваў гiшпанскую паэзiю, слушна разважаў пра эўрапейскi жывапiс i ўсходнюю культуру, бо, як прызнаўся, належыць да руху прыхiльнiкаў фiлязофii ёгi. Апошняе, мне падаецца, i сфармавала яго як асобу. Георг доўга разважаў пра лёс i наканаванасьць. Маўляў, i тое, што жыве зараз у Менску, i тое, што апынуўся ў Полацку - наканаваньне. Гэта зусiм ня значыць, што iншага не магло быць, проста дзеля ягонага духовага разьвiцьця тое патрэбнае.

Прызнаюся, Георг - сымпатычны мне чалавек, i я зь цiкавасьцю яго слухаў. Аднак у нейкую хвiлiну мне ўзгадалася варона, якую колькi тыдняў таму бачыў са свайго вакна. Птушка павольна ляцела ля самага майго пятага паверху, зусiм побач, i я пасьпеў яе добра разглядзець. Пёры на крылах, вока, якое не выдавала нiякiх эмоцыяў, падкурчаныя лапкi, графiчнасьць дзюбы.

|< Пред. 1 2 3 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]