Хмарка (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
3 из 5
Але Хмарка iдзе далей, толькi цянёк ад яе праплыве, як здань якая, па жыце, i яно нiкне каласкамi, стаiць, нiкому не скардзiцца, як бы самлеўшы. I сумна рабiлася ўсюды, i нейкая крыўда i жаласць бруiлiся над усiм, што пакiдала Хмарка. Два прыўдалыя конiкi перасталi спяваць i пахавалiся пад лiсток лотацi. Гэта яны спявалi песню ў чэсць Хмаркi, а яна так зняважыла iх.
Пташкi таксама змоўклi, а маленькi ручаёк, здавалася, панёс свой жаль у зямлю пад каменнi, у цень альховых кустоў.
А Хмарка, шчаслiвая, радасная, ясная, як майская ранiца, усё iшла, iшла далей i далей да невядомых краёў свету, i толькi ёй рабiлася крыху сумна, ёй шкода было пакiдаць тыя малюнкi, да якiх ужо прывыкла, але жывая натура гнала яе i гнала, не даючы супачынку. Так iшла яна ўвесь дзень. Пад вечар, як сонейка схiлiлася блiзка да захаду, Хмарка зайшла ў такi край, якi непадобен быў да тых краёў, адкуль яна выбралася ў дарогу.
Перад ёю пачалiся высокiя горы, вярхi якiх пакрывалi адвечныя снягi. Сонейка пачало хавацца за край зямлi, апошнiя стрэлы яго праменняў ахварбавалi яе ў агнявiсты колер i патухлi. Востры холад пустых i жудасных верхавiн дзiкiх гор моцна сцiснуў Хмарку. Яна скурчылася ўся, зрабiлася маленькай i тонкай, знайшла зацiшак мiж гор i спынiлася, прыхiлiўшыся да старой Скалы. Страшна стала Хмарцы.
- Адкуль прыпаўзла, нябога? - спытала Скала Хмарку.
Яшчэ большы страх агарнуў яе.
- Не ведаю, - боязна адказала яна.
- Што робiш, чым займаешся?
Хмарка зрабiлася яшчэ меншай i маўчала.
- Я люблю паслухаць, што робiцца на свеце, - апраўдвала Скала сваё пытанне.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|